У Беларусі збіраюцца прадаваць курыныя яйкі незвычайнага колеру
- 8.02.2026, 17:22
Падрабязнасці расказала дырэктарка Салігорскай птушкафабрыкі.
На Салігорскай птушкафабрыцы плануюць заняцца развядзеннем курэй, якія нясуць блакітныя яйкі. Пра гэта ў эфіры тэлеканала СТВ расказала дырэктарка прадпрыемства Ірына Толкачова, перадае «Зеркало».
Паводле слоў Толкачовай, калісьці яны спрабавалі працаваць з пародай птушак, якая несла блакітныя і зялёныя яйкі.
— Мы бралі гэта ўсё ў Чэхіі. Але яксьці ўсё не маглі завезці, бо то птушыны грып у Чэхіі, то яшчэ што-небудзь. Яксьці ў нас не атрымлівалася, — успамінала кіраўніца. — Цяпер хочам (у нас адзін фермер гэтым займаецца) купіць у яго яйкі. У нас ёсць свой інкубатар, ён застаўся ад перапёлак. І паспрабаваць самім вывесці [гэтую пароду].
Дырэктарка прадпрыемства расказала, што на птушкафабрыцы мадэрнізуюць чатыры птушнікі. Гэта дазволіць павялічыць аб’ём вытворчасці яек на шэсць працэнтаў.
Плюс на былым птушніку, які складаецца з чатырох залаў, хочуць зрабіць еўрапейскія клеткі, так званыя VIP-нумары для нясушак.
— [Гэта месцы], дзе яна знаходзіцца ў камфортных умовах. У яе ёсць асобная спальня. Асобна ёсць гняздо, дзе яна нясе яйкі. Ёсць драпка, дзе яна можа падтачыць кіпцюры, — апісала камфортныя ўмовы размяшчэння птушкі Ірына Толкачова. — Гэта VIP-пражыванне. Як кажуць, шчаслівая нясушка.