Politico: ЗША незадаволеныя спробамі Марыі Мачада быць «адзінай зоркай»
- 8.02.2026, 18:20
Вашынгтон расчараваўся ў лідарцы апазіцыі Венесуэлы.
Заявы лідаркі венесуэльскай апазіцыі Марыі Карыны Мачада пра тое, што выбары ў краіне адбудуцца менш чым праз год, выклікалі незадаволенасць і раздражненне ў дарадцаў адміністрацыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Пра гэта ананімна паведамілі выданню Politico самі дарадцы ў Белым доме.
«Марыя Карына Мачада толькі спрабуе зводзіць усё гэта на нішто… яна эгаістка», — сказаў суразмоўца выдання, выказаўшы меркаванне, што венесуэльская палітык робіць з сябе «сольную зорку», тым самым падрывае поспехі Трампа ў вызваленні палітвязняў і сумесныя аперацыі праваахоўных органаў ЗША і Венесуэлы.
Іншая крыніца выдання, блізкая да Белага дома, раскрытыкавала словы Мачада пра тэрміны выбараў, назваўшы «рэалістычным» тэрмін у два гады. Ён таксама дадаў, што Мачада ўвогуле не варта выказваць сваё меркаванне пра часавыя рамкі.
У Белым доме ўспрынялі словы Мачада пра выбары як спробу застацца актуальнай у пераходны перыяд у краіне, растлумачыў дарадца.
Пасля захопу дыктатара Венесуэлы Нікаласа Мадура амерыканскімі падраздзяленнямі і дастаўкі яго ў суд Нью-Ёрка ўся ўлада ў краіне перайшла да Дэльсі Радрыгес. Часовая лідарка Баліварыянскай Рэспублікі рэарганізавала ўрад краіны для ўмацавання ўлады, выпусціла палітвязняў, а таксама пачала прамыя дыпламатычныя кантакты з ЗША.
У Каракас вярнуўся дыпламатычны прадстаўнік ЗША, які адсутнічаў у краіне каля сямі гадоў пасля разрыву дыпламатычных адносін.
Амерыканскія ўлады адвялі Радрыгес ролю галоўнай асобы ў Венесуэле. Дональд Трамп хоць і заявіў, што паважае венесуэльскую лідарку апазіцыі пасля таго, як яна перадала яму медаль Нобелеўскай прэміі міру, але, паводле яго слоў, Мачада не стае навыкаў, каб узначаліць краіну.
Трамп адзначыў, што ЗША супрацоўнічаюць з Радрыгес, каб Венесуэла не ператварылася ў Ірак. Ён нагадаў журналістам, што на тэрыторыі Ірака пасля звяржэння Садама Хусэйна ўзнікла «Ісламская дзяржава».