Ізраільскія знішчальнікі суправаджалі рэйс лаўкостэра з-за арабскага слова
- 8.02.2026, 21:07
Слова з’явілася на тэлефоне пары, бо іх сын жартам змяніў назву сеткі на іх прыладзе.
У Ізраілі паднялі ў паветра знішчальнікі пасля таго, як пасажыр рэйса авіякампаніі Wizz Air паведаміў, што на тэлефоне з’явілася слова «тэрарыст» на арабскай мове. Пра гэта паведамляе партал Ynet.
Ідзе пра рэйс W95310 Лондан — Тэль-Авіў венгерскага лаўкостэра Wizz Air. Перад пасадкай у аэрапорце Бэн-Гурыён двое пасажыраў паведамілі, што на адным з іх тэлефонаў з’явілася слова «тэрарыст» на арабскай мове. Асцерагаючыся, што гэта можа быць звязана з парушэннем правілаў бяспекі, экіпаж паведаміў пра інцыдэнт. У выніку ў паветра былі паднятыя знішчальнікі.
Як высветлілася пазней, слова з’явілася на тэлефоне пары, бо іх сын жартам змяніў назву сеткі на іх прыладзе. Падазрэнні ў парушэнні правілаў бяспекі знялі, самалёт паспяхова прызямліўся ў аэрапорце Бэн-Гурыён. На зямлі пасажыраў чакала паліцыя, пара прайшла праверку бяспекі.
«Інцыдэнт вычарпаны. Самалёт прызямліўся, і было ўстаноўлена, што ніякага рэальнага здарэння не было», — растлумачылі выданню ў адміністрацыі аэрапорта. Там падкрэслілі, што знішчальнікі паднялі ў паветра ў адпаведнасці з працэдурамі, прынятымі ў такіх выпадках.