Кіраўнік МЗС Украіны: Толькі Трамп можа спыніць вайну
- 9.02.2026, 4:00
Андрэй Сібіга заявіў, што Украіна хоча паскорыць перамовы.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін павінны правесці асабістую сустрэчу, каб узгадніць самыя складаныя пытанні мірнага пагаднення.
Пра гэта сказаў міністр замежных спраў Андрэй Сібіга у інтэрв'ю Reuters. Паводле слоў міністра, з 20-пунктавага мірнага плана, які абмяркоўваюць бакі, нявырашанымі засталіся толькі «некалькі» пытанняў. Міністр удакладніў, што гэта «найбольш далікатныя і складаныя пытанні, якія неабходна вырашыць на ўзроўні лідараў».
Сібіга патлумачыў, што Украіна мае намер паскорыць перамоўны працэс, пакуль амерыканскі бок не пераключыў увагу на ўнутраную палітыку, у прыватнасці на кампанію па прамежкавых выбарах у Кангрэс, якія адбудуцца ў лістападзе.
«У нас ёсць імпульс, гэта праўда. Нам патрэбная кансалідацыя або мабілізацыя гэтых мірных намаганняў, і мы гатовыя іх паскорыць», — адзначыў Сібіга.
Ён дадаў, што гэта надзвычай важна, бо «толькі Трамп можа спыніць вайну» РФ супраць Украіны.
Міністр дадаў, што ЗША пацвердзілі гатоўнасць ратыфікаваць у Кангрэсе гарантыі бяспекі для Украіны. Паводле Сібігі, гэта павінен быць механізм, падобны да артыкула 5 НАТА.
«Асабіста я не веру ў якую-небудзь інфраструктуру або архітэктуру бяспекі без амерыканцаў... Мы павінны мець іх побач — і яны ўжо ўдзельнічаюць у гэтым працэсе. Гэта велізарнае дасягненне», — выказаўся міністр.