BE RU EN

У расійскім Белгарадзе пачалася тэрміновая эвакуацыя

  • 9.02.2026, 8:09

Горад замярзае.

У расійскім Белгарадзе не ўдаецца аднавіць ацяпленне і падачу электраэнергіі ў сотнях дамоў пасля ўкраінскіх удараў. Губернатар Белгародскай вобласці Вячаслаў Гладкоў у сваім тэлеграм-канале паабяцаў, што з горада эвакуююць дзяцей і адзінокіх пенсіянераў. Гладкоў распавёў, што рамонтныя працы энергетыкаў і цеплавікоў, якія працягваюцца двое сутак, «не прыводзяць да доўгачаканага выніку».

Ён дадаў, што электразабеспячэнне не адноўлена для 500 спажыўцоў. Таксама ў 455 шматкватэрных дамах, 25 дзіцячых садках, 17 школах, 9 паліклініках і 4 ВНУ няма ацяплення. Больш за тое, з сістэмы пачынаецца зліў вады.

Паводле губернатара, тыя дзіцячыя сады, дзе ёсць ацяпленне, пераходзяць на кругласутачны рэжым працы. Таму Гладкоў прапанаваў гараджанам пакідаць там маленькіх дзяцей.

Таксама ён абвясціў пра эвакуацыю дзяцей з горада «ў іншыя рэгіёны РФ»:

«Калі ў вас дзеці школьнага ўзросту: вы, як і ў 2024–2025 гадах, пакідаеце свае заяўкі ў адміністрацыі горада Белгарада, і мы накіроўваем дзяцей у іншыя рэгіёны — у тыя месцы, якія ўжо звыклыя, напрыклад, Рэспубліка Крым, і ў прылеглыя рэгіёны — цяпер гэта абмяркоўваем з губернатарамі. Будзем падаваць заяўкі ў МНС для адпраўкі нашых дзяцей цягнікамі».

Таксама губернатар Белгародскай вобласці дадаў, што шматдзетныя сем’і, сем’і з дзецьмі з інваліднасцю і адзінокія пенсіянеры таксама маюць магчымасць «перамясціцца ў іншыя рэгіёны» і параіў пакідаць адпаведныя заяўкі.

Апошнія навіны