BE RU EN

Чым людзі падобныя да кажаноў, дэльфінаў і некаторых птушак

  • 9.02.2026, 9:49

Магчыма, кожны з нас — крыху Бэтмэн.

Група навукоўцаў з Універсітэта Усходняй Англіі высветліла, што людзі могуць развіць навыкі эхалакацыі і навучыцца вызначаць адлегласць да аб’ектаў амаль так, як кажаны і дэльфіны, піша «Нож».

Эхалакацыя — гэта ўменне «бачыць» свет, прыслухоўваючыся да гукаў. Калі яшчэ дакладней, гаворка пра вызначэнне месцазнаходжання аб’екта па эху, то бок па часе, за які адлюстраваная гукавая хваля вяртаецца назад. Гэтай «суперздольнасцю» валодаюць не толькі дэльфіны і кажаны, але і некаторыя віды птушак і ластаногіх.

Каманда правяла эксперымент з удзелам 11 добраахвотнікаў, якія не мелі сур’ёзных праблем са зрокам. Спачатку ўсім ім завязалі вочы і падрыхтавалі да наступных этапаў даследавання.

Далей удзельнікаў папрасілі шчоўкаць языком, а потым прыслухоўвацца да эха, адлюстраванага ад розных прадметаў. Усе рэчы былі выраблены з алюмінію або пенапласту: першы матэрыял добра адлюстроўвае гук, другі — горш.

Пазней выпрабоўваныя вызначалі адлегласць да асобных аб’ектаў. Заданні паступова ўскладняліся: спачатку ўсе называлі прыблізнае месцазнаходжанне прадмета, потым усё больш і больш дакладнае.

У выніку навукоўцы заўважылі, што нават пасля кароткай трэніроўкі ўсе ўдзельнікі навучыліся з адносна высокай дакладнасцю «знаходзіць» аб’екты з дапамогай эхалакацыі. Пры гэтым большасць выпрабоўваных, як правіла, крыху недаацэньвала адлегласць да прадметаў. Таксама дакладнасць ацэнак у значнай ступені залежала ад матэрыялу.

На думку навукоўцаў, іх напрацоўкі будуць карысныя пры распрацоўцы праграм навучання людзей з парушэннямі зроку.

Апошнія навіны