BE RU EN

У РФ выпускнікі тэхнікумаў масава адмаўляюцца працаваць па спецыяльнасці

  • 9.02.2026, 14:29

Нягледзячы на заклік Крамля запоўніць заводы.

Выпускнікі расійскіх тэхнікумаў не спяшаюцца выконваць заклікі ўладаў і ўладкоўвацца на заводы, якім не стае рабочых рук: у 2024 годзе амаль 40% расіян, якія атрымалі сярэднюю спецыяльную адукацыю (ССА), вырашылі працаваць не па прафесіі. Пра гэта сведчыць статыстычны зборнік «Індыкатары расійскай адукацыі» НДУ ВШЭ, з якім азнаёміліся «Ведамасці».

Пры гэтым у цэлым узровень працаўладкавання ў выпускнікоў ССА аказаўся крыху ніжэйшы, чым у тых, хто скончыў вышэйшую навучальную ўстанову, — 82% супраць 84% адпаведна. Узровень беспрацоўя сярод расіян з вышэйшай адукацыяй у 2022–2024 гадах знізіўся з 2,6 да 1,5%, а сярод выпускнікоў ССА — з 3 да 2%. У той жа час у 2024 годзе расіяне ва ўзросце 25–34 гадоў з вышэйшай адукацыяй шукалі працу ў сярэднім 5,3 месяца, тады як былыя студэнты тэхнікумаў — 5,2.

Больш нізкі працэнт працаўладкавання па спецыяльнасці сярод выпускнікоў ССА можа быць звязаны з расчараваннем у выбранай прафесіі: вызначыцца з ёй у дзявятым класе школьнікам не так проста, адзначае аналітык Інстытута комплексных стратэгічных даследаванняў Алена Кіселева. Акрамя таго, выпускнікі каледжаў могуць працягнуць вучыцца ў ВНУ або трапіць пад прызыў на тэрміновую службу ў армію, што не дазваляе ім працаўладкавацца адразу пасля заканчэння навучання, дадала экспертка.

Асноўная прычына працы не па спецыяльнасці — складанасці з працаўладкаваннем непаўналетніх студэнтаў, недахоп досведу і абмежаванні пры ўладкаванні на працу, звязаную са шкоднымі або небяспечнымі ўмовамі працы, лічыць навуковая супрацоўніца Цэнтра эканомікі бесперапыннай адукацыі РАНХіГС Алена Ломцева. Паводле яе слоў, для часткі навучэнцаў, асабліва з сельскіх раёнаў, фінансавая стабільнасць становіцца прыярытэтам, у выніку чаго яны ўладкоўваюцца на пасады, якія не патрабуюць спецыяльнай адукацыі, але забяспечваюць неабходны даход. Больш за тое, да апошняга часу праграмы ССА былі дрэнна адаптаваныя пад патрэбы рынку, адзначыла дацэнтка базавай кафедры Гандлёва-прамысловай палаты РФ «Кіраванне чалавечымі рэсурсамі» РЭУ Людміла Іванова-Швец.

У чэрвені 2024 года Пуцін запатрабаваў ад урада падрыхтаваць да 2028 года каля 1 млн спецыялістаў рабочых прафесій, каб вырашыць праблему дэфіцыту кадраў у прамысловасці. Пасля гэтага расійскім школьнікам пачалі адмаўляць у пераводзе ў 10-ы клас, раячы працягнуць навучанне ў каледжы, а таксама скарацілі амаль на 50 тыс. колькасць платных месцаў у ВНУ. Міністр адукацыі РФ Сяргей Краўцоў паведамляў, што ў 2025 годзе ў установы ССА было накіравана рэкордная за апошнія 50 гадоў колькасць школьнікаў — каля 1,3 млн чалавек. Пры гэтым агульная колькасць студэнтаў у каледжах і тэхнікумах дасягнула 3,9 млн.

Апошнія навіны