У Польшчы ствараюць ваенны рэзерв павышанай гатоўнасці
- 9.02.2026, 16:25
Колькасць вайскоўцаў, гатовых да мабілізацыі, дасягне 500 тысяч.
У Міністэрстве абароны Польшчы прадставілі план стварэння ваеннага рэзерву павышанай гатоўнасці, які будзе гатовы да хуткай мабілізацыі ў выпадку неабходнасці, паведамляе Onet.
Міністр абароны Польшчы Уладзіслаў Косіняк-Камыш абвясціў пра змены ў сістэме рэзерву асабовага складу войска краіны. Ідзе гаворка пра стварэнне так званага рэзерву высокай гатоўнасці — падрыхтаваных рэзервістаў, якія будуць рэгулярна ўдзельнічаць у вучэннях. Разам з прафесійным войскам, сіламі тэрытарыяльнай абароны і іншымі формамі вайсковай службы гэта забяспечыць Польшчы 500 тысяч салдат, гатовых да хуткай мабілізацыі.
Служба ў рэзерве будзе добраахвотнай і прадугледзіць розныя льготы, абвясціў міністр. Рэзервісты таксама атрымаюць свабоду ў выбары дат вучэнняў і падраздзялення, у якім яны будуць служыць.
Паводле чыноўніка, пашырэнне рэзерву польскага войска звязана, між іншым, з дэмаграфічнымі зменамі, якія азначаюць, што войска з кожным годам зможа разлічваць на ўсё меншую колькасць навабранцаў.