Расіяне засталіся на Кубе з-за паліўнага крызісу
- 9.02.2026, 17:45
Турыстаў высяляюць з гатэляў, авіязносіны фактычна паралізаваныя.
Паліўны крызіс на Кубе прывёў да праблем у расійскіх турыстаў, паведамляюць Mash і Shot. З 10 лютага па 11 сакавіка ў дзевяці міжнародных аэрапортах краіны ўведзены абмежаванні на запраўку авіяцыйным керасінам, і самалёты могуць выконваць рэйсы толькі пры наяўнасці паліва на зваротны шлях. Міжнародны аэрапорт Гаваны апублікаваў адпаведнае паведамленне, пацвердзіўшы адсутнасць паліва мінімум на месяц, піша The Moscow Times.
Паводле ацэнак АТОР, цяпер на востраве знаходзіцца каля 4700 расійскіх турыстаў. Некаторыя з іх паведамілі Shot пра пачатак перасялення з пяцізоркавых гатэляў, тлумачачы гэта рамонтнымі работамі і праблемамі з электразабеспячэннем. Розніцу ў кошце пражывання не кампенсуюць. У Асацыяцыі тураператараў (АТОР) заяўляюць, што частка гатэляў на кубінскіх курортах часова прыпыняе працу, а турыстаў бясплатна перасяляюць, як правіла, у гатэлі больш высокай катэгорыі.
Праблемы закранулі і тых, хто толькі планаваў паездку. Так быў сарваны рэйс SU6849 Масква — Гавана авіякампаніі «Расія». Паводле слоў пасажыраў, самалёт ужо рыхтаваўся да вылету, рухавікі былі запушчаныя, аднак у апошні момант пілот абвясціў пра адмену рэйса з-за адсутнасці паліва ў Гаване. Пасажыраў высадзілі і прапанавалі аформіць вяртанне білетаў або перабраніраваць адпачынак на іншыя напрамкі: у Турцыю, Егіпет або Кітай. Пазней, паводле даных Flightradar24, самалёт усё ж такі вылецеў з Шарамецьева з затрымкай амаль на пяць гадзін, але без пасажыраў. Mash мяркуе, што гэта быў вывазны рэйс для вяртання расіян з Кубы.