BE RU EN

Беларуска прайшла Акрэсціна, а потым стала паспяховай прадпрымальніцай і гераіняй Forbes

  • 9.02.2026, 18:22

Адлічаная студэнтка ў Беларусі пабудавала бізнес у Еўропе і ўласную школу поспеху.

Telegram-канал «Суполка» распавядае гісторыю беларускай жанчыны, якая прайшла праз затрыманне і адлічэнне з універсітэта, здолела стаць паспяховай у эміграцыі і цяпер вучыць гэтаму іншых, піша Hrodna.life.

Адлічаная студэнтка Наталля Маковік з 90-х здзівілася б, убачыўшы сябе цяпер. Яна перадала бізнес па продажы замкаў у Чэхіі, які вяла 18 гадоў, зрабіла школу пра тое, як стаць арыстакратам, і трапіла на вокладку Forbes.

У 1999 годзе Наталля Маковік жыла ў Беларусі і лічыла, што яе жыццё скончана. Пасля ўдзелу ў пратэстах яе збілі на вуліцы і пакінулі на ноч на Акрэсціна. Яе выключылі з ВНУ. Паводле слоў Наталлі, яе не бралі нават у прыбіральшчыцы: «Тады ў Беларусі такіх, як я, лічылі ізгоямі. Не было такой падтрымкі і салідарнасці, як цяпер. Мяне ненавідзеў увесь пад’езд».

У такім стане ў 2000 годзе Наталля паехала вучыцца ў маленькі чэшскі гарадок з іншымі беларускімі студэнтамі, якія пакінулі краіну па палітычных матывах. Жыла на стыпендыю ў 3000 крон (у 2000 годзе — прыблізна 80 еўра, сярэдні заробак — 13 600 крон). Хапала на аплату інтэрната, харчаванне ў сталовай, трохі ежы — на другой тыдні грошы заканчваліся.

Але аднойчы Наталля прачнулася ў інтэрнаце — і зразумела, што можа дыхаць і ў яе не баліць жывот. Страх перад паліцэйскімі і нервовы цік зніклі. Тады яна ўсвядоміла, у якім напружанні жыла ў Беларусі.

Панк, які купіў замак

Кожны год Наталля прыходзіць на месца, дзе ўпершыню нарадзілася ідэя займацца замкамі. У 1999 годзе па запрашэнні чэшскіх журналістаў яна прыехала ў Прагу. Стаяла ля Пражскага Града, глядзела на чарапічныя дахі і марыла, як на пенсіі будзе жыць на гарышчы, як Карлсан. І тут яе спадарожнік запрасіў у госці ў замак — маўляў, ягоны сябра якраз яго купіў.

— Я кажу: як купіў замак? А ён хто, прынц ці алігарх? Ён кажа: дык не, у яго ўласны панк-гурт. Я не разумею: як панк купіў замак? Таму што ён багаты панк? «Ды не, у нас за сімвалічную суму можна набыць. Ён сабе купіў, і вось уся сям’я цяпер рамонтуе гэты замак».

Я ж збіралася да сваіх 70 гадоў змагацца з дыктатурай, і раптам пачула такое. Выхадзіць, замак можна купіць? І прадаць? Можна рамантаваць? Я таксама так хачу!

Прыніжаная беларускімі ўладамі, Наталля вырашыла насуперак усяму стаць «каралевай» у замку.

Апошняя спроба, якая ўдалася

Праз сем гадоў яна арганізавала найбуйнейшае агенцтва VIPCastle, якое займаецца продажам гістарычнай нерухомасці. Першая здзелка — і дагэтуль самая запамінальная. На той час у яе паралельна быў бізнес у турызме.

Пяць гадоў Наталля спрабавала прадаваць замкі — зрабіла сайт, вазіла людзей на агляды. Але да здзелак не даходзіла. Аднойчы муж паклікаў яе ў кавярню і завёў размову пра змену бізнесу.

— Кажа: слухай, давай нейкую рэстарацыю адкрыем, што ты з гэтымі замкамі? Ну нічога ж не выходзіць.

Наталля заплакала, пагадзілася… і зрабіла апошнюю спробу. Дала аб’яву ў Facebook пра продаж чарговага замка за 40 тыс. еўра. І ёй напісала карыстальніца сацсеткі. Аукцыён быў праз два дні, а яна жыла за 5000 км. Таму прапанавала Наталлі набыць яго замест яе.

Кошт вырас у два разы — да 80 тыс. еўра. З-за шэрагу бюракратычных і сямейных цяжкасцяў фармальна гаспадыняй замка стала Наталля — на цэлы год.

— Гэта была самая вар’яцкая, абсалютна ненармальная сітуацыя, калі я — гаспадыня замка! Тое, пра што я марыла, звалілася на мяне, і трэба было пераафармляць электрычнасць, наймаць вартаўніка і арганізоўваць рэканструкцыю. А гаспадыня, сапраўдная гаспадыня, таксама перажывала, бо яна ж мне ўсё аддала. Яна баялася. Я гэта разумела. Але я сказала: ведаеце, я не буду вас падманваць, — распавяла Наталля.

7 гадоў на адну здзелку

Так прайшлі наступныя 18 гадоў.

— Я бачыла сябе не як рыэлтара, а як чалавека, які ратуе архітэктурную спадчыну Еўропы і падбірае для замкаў, палацаў, крэпасцяў, бровараў адказных інвестараў, якія сапраўды будуць дбаць. У мяне была місія, — распавяла Наталля.

Яна апісвала не толькі стан замка, колькасць плошчаў і вокнаў, але і працавала ў архівах, шукала гісторыю замка і падбірала яго паводле архетыпу чалавека: «Я разумела, для каго гэта, якім павінен быць гэты чалавек, якую струну душы гэта павінна закрануць, каб чалавек купіў гэты замак не проста як нейкую будыніну, а месца, якое робіць яго лепшым, мудрэйшым, спакайнейшым, больш адказным».

Некаторыя замкі прадаваліся па сем гадоў — увесь гэты час ішлі агляды. За час працы Наталля на ўзроўні краіны і Еўропы звярнула ўвагу на стан замкаў.

Яна выйшла з эмігранцкай парадыгмы і пачала працаваць з мясцовымі жыхарамі, еўрапейцамі. Давала парады міністру культуры, як трэба падтрымліваць уладальнікаў помнікаў.

Трапіла на старонкі Forbes і Bloomberg. Пра яе знялі дакументальны фільм на чэшскім тэлебачанні і міні-фільм на нямецкім тэлебачанні ARD.

І ў пэўны момант Наталля зразумела, што выгарэла і зрабіла ў бізнесе ўсё, што магчыма. Таму яна яго прадала. Але працу з замкамі не кінула. Цяпер яна займаецца кансультаваннем.

У мінулым годзе Наталля вярнулася да ідэі «замкавага» дэвелопменту — аднаўлення руін пад камерцыйныя праекты. Экспертка распавядае, як атрымаць фінансаванне або банкаўскае крэдытаванне, дзе знайсці датацыі, як склаць жыццяздольны бізнес-план і правесці рэканструкцыю.

Акадэмія «міледзі» і швейцарскі кейс

Акрамя таго, з працы з замкамі вырасла некалькі іншых праектаў. Сёння Наталля кіруе «Акадэміяй замказнаўства», дзе вучыць стратэгіям выжывання арыстакратычных дынастый. Яна называе яе закрытай адукацыйнай і духоўнай праграмай. Эмігрантам, экспертам і прадпрымальнікам абяцаюць дапамагчы здабыць сувязі і апекуноў у новай краіне паводле Метаду Рыччы — метаду культурнай адаптацыі. На курсе вывучаюць старажытную тэхніку Ордэна езуітаў, якая дапамагае ператварыцца ў «арыстакрата духу» і стаць часткай вышэйшага кола.

Праект Наталля прыдумала, пакуль 18 гадоў камунікавала з уладальнікамі замкаў, дынастыйнай арыстакратыяй, кіроўнымі дынастыямі. Яна зацікавілася, як ім удавалася на працягу 600–700 гадоў захоўваць сям’ю, бізнесы, карону? Пры тым, што яны таксама перажывалі рэвалюцыі, войны, уцёкі.

— І вось я зразумела, што ў наш час, турбулентны, жахлівы, страшны, я з 2011 года вяду вялізнае даследаванне, я задаю ўсім арыстакратам і ўладальнікам замкаў гэтыя пытанні пра жыццё.

Больш за тое, я вывучаю гісторыю гэтых дынастый з пункту гледжання іх сакрэтаў поспеху. Я выводжу гэтыя правілы — як сябе паводзіць, як рэагаваць, як падрыхтаваць сябе да жыцця — менавіта гэтаму я вучу ў «Акадэміі замказнаўства». Я раскрываю сакрэты арыстакратаў.

Пасля навучання ў школе оперная дзіва змагла вярнуцца на сцэну — яна перастала выступаць з-за вайны ва Украіне. Мастачка знайшла сабе апякунку — графіню.

— У мяне быў выпадак: студэнтка з Харкава збегла ў Швейцарыю. Да вайны яна кіравала фінансавым аддзелам, а ў эміграцыі працавала на трох працах — на ферме, прыбіральшчыцай і пасудамыйкай.

Яна не хацела жыць на дапамогі, але адчувала сябе раздушанай. Заможны немец, з якім яна пазнаёмілася, бачыў у ёй бежанку. Яна прыйшла ў Акадэмію са словамі: «Мне дрэнна, я больш не магу».

Пералом адбыўся, калі мы арганізавалі аўдыенцыю з княжацкай сям’ёй Ліхтэнштэйна. Яна ўбачыла, што сапраўдная эліта прымае яе як роўную. Яе плечы расправіліся. Калі яна адправіла фота з гэтай сустрэчы свайму знаёмаму немцу, той раптам убачыў у ёй не «бежанку-прыбіральшчыцу», а тую статную жанчыну, якой яна заўсёды была ўнутры. Ён зразумеў яе маштаб і зрабіў прапанову. Цяпер яна пацвярджае дыплом фінансіста і набыла ціхае шчасце.

Наталля сустракалася са скептыкамі, якія кажуць: «Падумаеш, з’ездзілі, пафатаграфаваліся з нейкімі там арыстакратамі». Але, на яе думку, паважлівае стаўленне, звароты «мілорд» і «міледзі» ў школе — дазваляюць раскрывацца.

Роскаш натуральнасці: чаму ў князёў крывыя зубы

Паводле слоў Наталлі, уваход у вышэйшае кола не патрабуе ўкладанняў. Трэба проста навучыцца паводзінам, падтрымліваць свецкую размову, правільна рэагаваць. Камусьці варта крыху змяніць адзенне і абутак — але гаворка не пра дарагія брэнды.

— Я маю стасункі з найбольш багатымі манархамі свету, і там няма ніякай пластычнай хірургіі. Калі манікюр — то ніякага шелаку, толькі каротка пастрыжаныя пазногці з празрыстым лакам. Маіх студэнтак найбольш уразілі зубы кіраўніка Ліхтэнштэйна — уладальніка найбагацейшага банка. У яго няма вініраў! Зубы здаровыя, але натуральныя, нават крывыя. Для яго гэтая штучнасць — лішняя.

Нам здаецца, што калі мы паставім вініры або «накачаем» вусны, зробім бровы, вейкі ці яшчэ нешта з сабой учынім, вось тады мы станем вартымі лепшага жыцця. Яны такіх пытанняў сабе не ставяць, і ім гэта не патрэбна.

Місія супраць «інфацаганства»: навошта вучыцца манерам арыстакратаў?

— У мяне больш за 500 лекцый у вольным доступе на YouTube: ад стратэгічнага мыслення і ўсвядомленасці да духоўных практык. Я даю гэта дарма, каб людзі маглі самі адчуць: ці ёсць у гэтым мудрасць? Калі вы чуеце водгук, слухайце далей.

Мой «Метад Рыччы» — гэта 100 лекцый, заснаваных на эксклюзіўных матэрыялах, старадаўніх працах і практыках еўрапейскай арыстакратыі. Платнымі я зрабіла толькі сціслыя міні-курсы для тых, каму трэба хутчэй, — распавяла Наталля ў адказ на пытанне пра «інфацаганства» (паняцце ўстоянае, але правільней будзе «інфамашэнніцтва» — так мы не будзем крыўдзіць народнасць рома — Hrodna.life).

Для Наталлі гэта місія. Яна перакананая: калі людзі навучацца годнасці і стратэгіям вышэйшага грамадства, у свеце не будзе войнаў.

— Людзі з упэўненасцю ў сабе, без траўмаў і комплексу віны, не жадаючыя маніпуляваць, здольныя спыніць агрэсара не «чараўніцтвам», а сумленнымі і дакладнымі перамовамі. Тыя, хто валодае стратэгічным мысленнем, змогуць арганізаваць працэсы так, каб змяніць дыктатуру на стварэнне і пабудаваць на яе месцы моцную краіну. Гэта не высокія матэрыі, гэта чыстая практыка.

36 стратагем: як перамагчы, калі вы прайгралі ўсё

Асаблівае месца ў навучанні займае курс па старажытнакітайскіх стратэгіях. Яго Наталля вельмі раіць менавіта беларусам, якім спачувае ў эміграцыі.

— У Кітаі даўно распісалі 36 сцэнарыяў развіцця любых падзей і механізмы перамогі для кожнага з іх. Найважнейшае: там разбіраюцца шэсць сітуацый, калі вы прайгралі абсалютна. І нават для гэтага «дна» ёсць шэсць варыянтаў выхаду!

Калі вы адчуваеце, што «загінулі» — вас звольнілі, кінулі, вы пазбавіліся дакументаў або радзімы — ідзіце і слухайце гэтыя лекцыі. Там разабраныя канкрэтныя кейсы: як выбраць мадэль паводзін, каб выйсці з крызісу. Нельга губляць веру і надзею. Заўсёды ёсць выхад, трэба проста сесці і падумаць, а калі не атрымліваецца самастойна — шукаць дапамогу.

Яшчэ адзін з метадаў, якія раіць Наталля, — «Унутраны замак» ад савецкага дысідэнта Уладзіміра Букоўскага. У сваёй кнізе «Building a castle» («Будаванне замка») ён апісваў, як сядзеў у турме і ў псіхіятрычнай бальніцы.

Каб не звар’яцець і захаваць годнасць, ён штодня мысленна будаваў замак. Ён уяўляў, як лапатай капае фундамент, як льё бетон, як кладзе кожную цэгліну і ўзводзіць вежы. Да канца тэрміну ён ужо мысленна расстаўляў кнігі ў сваёй бібліятэцы.

Мы пераязджаем і губляем прафесію, нашы дыпломы не прызнаюцца. Але важна ўсвядоміць: вы тут не проста так. Гэта шанец рэалізаваць пакліканне ў маштабах, якія пры дыктатуры былі немагчымыя.

— Прызнайце: у тым, што здарылася, няма вашай віны — гэта знешнія абставіны. Пры дыктатуры развівацца нельга, — падбадзёрвае беларусаў Наталля.

Калі замкі становяцца турмамі

Тое самае Наталля кажа і пра аднаўленне замкаў у Беларусі. Паводле яе слоў, цяпер не час укладваць грошы ў замкі Беларусі. І больш за тое — не час там жыць, інакш давядзецца пастаянна ісці на кампрамісы:

— Якія замкі, калі там унутраныя замкі людзей разбураныя? Калі, прабачце, замкі ператвараюцца ў турмы, я вось узгадваю Валадарку — гэта вельмі сімвалічна.

Таму цяпер галоўнае, лічыць яна, — захаваць сябе.

Наталля жыве ў Еўропе ўжо даўжэй, чым жыла ў Беларусі. Захапляецца сваім Ліхтэнштэйнам — краінай, дзе «людзі жывуць у абсалютным даверы адзін да аднаго і 300 гадоў не ведалі войнаў». Але абяцае: калі адчуе, што яе досвед аднаўлення замкаў патрэбны новай Беларусі, — не выключае вяртання.

Апошнія навіны