BE RU EN

Блогерка з Жлобіна расказала пра канфлікт у мясцовай краме райпо

  • 9.02.2026, 21:25

Вялізную недастачу павесілі на прадавачку, яна сваёй віны не прызнае.

Блогерка з Жлобіна Mama4ka_tiktoka распавяла гісторыю Людмілы Кульбаковай — прадавачкі гарадской крамы № 3. Яна належыць Рагачоўскаму філіялу «Белкаапсаюза». Каля двух месяцаў жанчына была на бальнічным, а калі вярнулася — яе абвінавацілі ў буйной недастачы. Яна ж лічыць, што ва ўсім вінаватае кіраўніцтва.

На відэа блогерка зачытвае зварот Людмілы Кульбаковай да старшыні «Белкаапсаюза» Інэсе Караткевіч. У ім Людміла паведамляе, што прапрацавала ў жлобінскай краме № 3 больш за 14 гадоў і звольнілася «па прычыне невыносных умоў працы і супрацьпраўных дзеянняў кіраўніцтва». А ўсё пачалося, калі Кульбакова пайшла на бальнічны — 30 красавіка мінулага года.

— Баючыся псуты тавараў, я прыняла наступныя крокі: вусна звярталася да кіраўніцтва, але была праігнараваная і выдаленая з карпаратыўнага чата. 28 мая 2025 года напісала афіцыйную заяву на імя дырэктара [Рагачоўскага філіяла] Вольгі Крэмень з патрабаваннем вывезці хуткапсавальны тавар, — чытае блогерка ліст Кульбаковай. — Не дачакаўшыся рэакцыі, я, разумеючы адказнасць за захаванасць маёмасці, самастойна зрабіла спробу развезці тавары па іншых крамах, каб уратаваць іх ад псуты. Аднак намеснік дырэктара па гандлі і дырэктар асабіста забаранілі мне гэта рабіць, даўшы прамое распараджэнне не чапаць тавар.

Бальнічны ў Людмілы скончыўся 27 чэрвеня. А з 28 па 30 чэрвеня ў краме прайшла рэвізія.

— Бяздзейнасць і прамая забарона кіраўніцтва прывялі да таго, што тавары сапсаваліся. І па выніках мне была прад’яўлена недастача на суму 6 599,68 рубля, што з’яўляецца прамым следствам нядбайнасці саміх кіраўнікоў, — гаворыцца далей у лісце.

Кульбакова таксама абвінавачвае кіраўніцтва ў тым, што падчас працы была вымушаная выконваць абавязкі грузчыка, прыбіральшыцы і прадавачкі. Ёй даводзілася працаваць амаль без выходных, пры гэтым заработная плата заставалася нізкай. Кіраўніцтва ж, заяўляе Кульбакова ў лісце, ігнаравала яе звароты.

— Вынікам такой кадравай і кіраўнічай палітыкі сталі маё звальненне і закрыццё крамы з 30 чэрвеня 2025 года, бо знайсці іншага супрацоўніка, згоднага працаваць у падобных умовах, аказалася немагчыма. Кіраўніцтва філіяла сваімі дзеяннямі знішчыла працоўнае месца і нанесла шкоду рэпутацыі спажывецкага таварыства.

Людміла Кульбакова просіць прызнаць, што недастача ўзнікла не па яе віне, і спагнаць грошы з вінаватых.

У іншым сваім відэа Mama4ka_tiktoka адзначае, што выпадак Кульбаковай у рагачоўскім філіяле не адзіны. Паводле яе слоў, раней недастачу ў 5000 рублёў выставілі іншай прадавачцы.

— Прашу рабіць максімальны рэпост, надаць агалоску гэтай несправядлівай сітуацыі. Думаю, што людзі, якія працуюць у такіх сферах, не мусяць адказваць за нядбайнасць кіраўніцтва, — кажа карыстальніца TikTok.

Журналістка «Зеркала» як блогер патэлефанавала ў Гомельскі абласны філіял «Белкаапсаюза». Там гісторыю з Кульбаковай пацвердзілі, але падрабязнасцяў расказваць адмовіліся, адзначыўшы толькі, што «ўсе тлумачэнні» цяпер ужо звольненай прадавачцы далі.

Былыя супрацоўнікі: «Змушалі браць крэдыт для пагашэння даўгу»

Абодва відэа Mama4ka_tiktoka паглядзелі ўжо больш за 200 тысяч разоў. Пад імі — больш за 200 каментарыяў. Значная іх частка — ад былых прадавачоў крам «Белкаапсаюза», іх сваякоў і знаёмых. Людзі скардзяцца на падобныя сітуацыі:

«У 28 гадоў трапіла на адпрацоўку ў райспажыўтаварыства. Гэта сапраўды групоўка. На мяне як на маладога спецыяліста павесілі недастачу ў 15 млн беларускіх рублёў (сума да дэнамінацыі 2016 года, цяпер гэта 1500 рублёў. — Заўв. рэд.). Сігналізацыя не працавала, як высветлілася, ключы былі ў папярэдняй прадавачкі (яе сын убачыў іх у мяне на прылаўку і сказаў, што такі ёсць у маці). Пры рэвізіі было 12 бутэлек каньяку, я ніводнай бутэлькі не прадала, пры паўторнай рэвізіі з АБЭПам іх засталося дзевяць. Быў суд: раённы ўсё павесіў на мяне, абласны, на шчасце, зняў абвінавачанне. Больш туды ні нагой».

«Гэта ўжо не першая сітуацыя. Вешаюць недастачы, спісваць пратэрміноўку не хочуць. Даўно пара дзяржаўным органам узяцца за райпо».

«А яшчэ прадаўцы — качагары. І ім за гэта не даплачваюць. Цяпер лічаць, колькі тарфу патрацілі на ацяпленне, і пачынаюць вылічваць».

«Я таксама ў маладосці працавала ў райпо — яшчэ тая яма. Бяжыце, людзі. Давялося браць крэдыт».

«У маёй сяброўкі ў Гомелі такая ж гісторыя, толькі каб звольніцца з гэтай багадзельні, ёй давялося ўзяць крэдыт».

«Я працавала ў такіх жа ўмовах у райпо. На кожнае парушэнне ў мяне была дакладная на імя старшыні райпо, завераная ў сакратара копія захоўвалася ў мяне. Пра парушэнне тэмпературнага рэжыму былі скаргі пакупнікоў у кнізе скаргаў і водгукаў. Таму, калі я скасавала кантракт і райпо адмовіла ў кампенсацыі, я звярнулася ў суд. Дакладныя былі доказам парушэнняў і бяздзеяння кіраўніцтва. Суд я выйграла. Вельмі любіла сваю працу і людзей. Стаж у райпо — 33 гады».

«У райпо заўсёды былі свае законы. Што хочуць, тое і робяць, ім ніхто не ўказ».

«І я так працавала ў райпо. Там тварыцца бязмежжа, усё бязкарна. Ва ўсім вінаваты прадаўцы. З цяжкасцю вырвалася з гэтай арганізацыі. Я з вамі».

«Я ўжо запісвала відэазварот наконт райпо. Выйшла на замену з адпачынку — за тры тыдні працы заплацілі 500 рублёў. Адтуль трэба бегчы, не азіраючыся. Гэта адбываецца па ўсёй Беларусі».

«Такае становішча ва ўсіх райпо Беларусі. Найбольш крыўдна, што праверка прыязджае, але правяраюць тэрміны, асартымент, і ніхто не пытаецца ў нас, прадаўцоў, якія ў нас умовы працы і гэтак далей».

«Галоўная памылка прадавачкі ў тым, што яна спачатку звярталася вусна. Трэба было напісаць заяву на імя дырэктара райпо з пазнакай, што другі экзэмпляр накіраваны ў абласное райпо і пракуратуру. А так яна нічога не дакажа».

«А потым гэты пратэрмінаваны тавар, як заўсёды, вешаюць на прадаўца — у нас таксама так было».

«Прыкладна восем гадоў таму працавала ў райпо нашага раёна. У краме знайшлі недастачу — на той час 120 тысяч рублёў, падзялілі на пяць чалавек. Тады ў крамах райпо нашага горада было шмат недастач. Змушалі браць крэдыт для пагашэння доўгу. Успамінаю той час як страшны сон. Час ідзе, а райпо ўсё тое ж».

«Я здзіўленая, што чалавек адпрацаваў 15 гадоў і не прымаў рашэнняў. Каб развезці тавар, не трэба ўказанняў начальства. Галоўнае, каб гэты тавар хацела ўзяць іншая крама. Райпо — гэта, вядома, асобная арганізацыя. Начальства заўсёды сабе заробкі круціла. Гэта было ва ўсе часы. Я ў райпо адпрацавала 45 гадоў і нікому не дазваляла сесці сабе на шыю. За ўвесь час не было ніводнай недастачы, хаця я працавала ў калектыве з 10 чалавек».

«У нас летась па той жа прычыне закрылі краму, на прадаўца павесілі даўгі каля 15 тысяч беларускіх рублёў. І гэта была адзіная крама на некалькі вёсак».

«На маю жонку павесілі доўг у 30 тысяч. Магілёўскае райпо. Працавала спачатку падсобнай работніцай. Старую прадавачку звольнілі, а яе ўгаварылі стаць прадавачкай. Яна казала, што ў яе няма адукацыі. Абяцалі навучыць, але ніхто не вучыў — толькі патлумачылі, як карыстацца касай, і пакінулі на волю лёсу. Таксама неаднаразова звярталіся наконт пратэрміноўкі, але яе проста ігнаравалі або кармілі абяцанкамі. А на пераўліку пратэрміноўку не ўлічвалі і ніякіх актаў спісання не давалі. Проста нахабна ўсё павесілі. Давялі яе да бальніцы».

«Я працавала ў райпо Рагачоўскага раёна. Здала краму, унесла суму недастачы — на шчасце, яна была невялікая, некалькі сот рублёў. Але, вуаля, праз паўгода мне тэлефануе бухгалтар і кажа, што яны, маўляў, пералічылі, і я яшчэ вінная. Я пацікавілася, дзе гэта пазначана ў ведамасці пераўліку, а мне адказалі, што ведамасць не знайшлі, нібыта яна ў іх у камп’ютары. Ну, смешныя. Гэта найгоршая арганізацыя для працы, лепш туды не трапляць».

Апошнія навіны