На мінскай мытні канфіскавалі баявую шаблю
- 9.02.2026, 20:12
Фотафакт.
Мінскія мытнікі знайшлі і канфіскавалі баявую шаблю, якую незаконна ўвозілі ў Беларусь. Яна была схавана сярод партыі тэкстылю і аўтазапчастак. Экспертыза пацвердзіла, што клінок сапраўды з'яўляецца халоднай зброяй, паведамляе прэс-служба мытных органаў Беларусі.
Казахстанскі перавозчык не ўказаў шаблю ў дэкларацыі на змешаную партыю грузу, якая ўключала тэкстыль, аўтазапчасткі і электрапрыборы. Каб высветліць, ці патрэбная для ўвозу спецыяльная ліцэнзія, шаблю накіравалі на экспертызу.
У мытнай лабараторыі пацвердзілі, што клінок выраблены заводскім спосабам і адносіцца да сякуча-рэжучай і колюча-рэжучай халоднай зброі.
Мінская абласная мытня пачала адміністрацыйны працэс у адпаведнасці з Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях, а шаблю канфіскавалі да рашэння суда.