Мексіка спыніла пастаўкі нафты на Кубу
- 9.02.2026, 23:17
Востраў ахапіў паліўны крызіс.
Мексіка прыпыніла пастаўкі нафты на Кубу з-за пагрозы ўвядзення мытных пошлін з боку ЗША. Пра гэта заявіла прэзідэнтка краіны Клаўдыя Шэйнбаум.
«Адпраўка [нафты] на дадзены момант прыпыненая, мы імкнёмся пазбегнуць негатыўных наступстваў для Мексікі», — сказала яна.
Шэйнбаум удакладніла, што ЗША апублікавалі ўказ аб увядзенні мытных пошлін для краін, што пастаўляюць паліва Кубе. У той жа час яна заявіла, што Мексіка не адмовіцца ад гуманітарнай падтрымкі Кубы.
29 студзеня прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абвясціў надзвычайнае становішча ў Злучаных Штатах з-за пагрозы нацыянальнай бяспецы, якая зыходзіць ад Кубы. У адказ на гэта кубінскія ўлады на наступны дзень таксама прынялі рашэнне ўвесці надзвычайнае становішча на востраве, пазначыўшы яго як меру «ў сувязі з экстрэмальнай пагрозай» з боку Вашынгтона.
Праз два дні Трамп падпісаў указ аб увядзенні мытных пошлін на тавары з краін, што ажыццяўляюць пастаўкі нафты на Кубу.