Лукашэнка баязліва прыкусіў язык
- 1.03.2026, 22:48
Куды ні кінь — усюды вілы.
Палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі на «Позірку» тлумачыць, чаму Лукашэнку даводзіцца маўчаць, пакуль ЗША і Ізраіль малацяць іранскі рэжым:
— Амерыканскі прэзідэнт, якога Аляксандр Лукашэнка ўжо запісаў у прыяцелі і стаў фамільярна называць Дональдам, усур'ёз узяўся за старых сяброў беларускага аўтакрата.
Не паспелі ў Мінску апамятацца ад захопу Нікаласа Мадура, як Штаты разам з Ізраілем ужо малацяць іранскі рэжым.
Цяпер яшчэ мацней, чым летась. Трамп абвясціў, што вярхоўны лідар Алі Хаменеі, «адзін з самых злых людзей у гісторыі, мёртвы».
У апошні дзень лютага, калі Вашынгтон і Іерусалім разгарнулі маштабную аперацыю супраць Ірана, Лукашэнка выбраўся на малочнатаварны комплекс у Лагойскім раёне.
Нярэдка ён выкарыстоўвае падобныя вылазкі для заяў на гарачыя палітычныя тэмы. Але гэтым разам, хоць сусветныя СМІ ўжо захлыпаліся ад навін пра жорсткую атаку на рэжым аятолаў, ён разважліва абышоў бокам тэму № 1.
Абмежаваўся тым, што традыцыйна распёк падначаленых за дрэннае ўтрыманне жывёлы, якая, маўляў, стаіць «ў г**не». І нават сам пакалупаўся віламі ў падсцілцы для цялятаў.
Даводзіцца стрымліваць язык
Гэты сельскагаспадарчы інструмент у святле цяперашняй міжнароднай абстаноўкі выглядае сімвалічна. У жаргоне слова «вілы» азначае кепскую, а то і безвыходную сітуацыю.
Не, Трамп напэўна не збіраецца бамбіць рэзідэнцыю ў Драздах або пасылаць туды сваю «Дэльту», каб захапіць беларускага дыктатара. Болей за тое, літаральна пару дзён таму ён заявіў, што ў ЗША з Беларуссю вельмі добрыя адносіны, а яе лідара ён паважае.
Але ж вядома, як блізка да сэрца прымае Лукашэнка сумны лёс кожнага наступнага сабрата-аўтакрата. Ён нават лятаў да Слабадана Мілошавіча у 1999 годзе, калі НАТА бамбіла Югаславію, а потым з трыбуны ААН патрабаваў яго вызваліць.
Сакрушыўся аб прыкрай развязцы лёсу Муамара Кадафі і Садама Хусэйна. І ва ўсіх выпадках гучалі праклёны ў адрас ненавіснага Захаду на чале з амерыканскай ваеншчынай.
Цяпер жа, хоць гэтая ваеншчына разгулялася — мама не гаруй, — даводзіцца трымаць язык за зубамі. А дзве заявы беларускага МЗС у сувязі з апошнімі падзеямі вакол Ірана выглядаюць куды стрыманей, чым рыторыка Масквы.
Расія вуснамі свайго знешнепалітычнага ведамства асудзіла напад ЗША і Ізраіля. Падкрэслена, што «ідзе гаворка пра загадзя спланаваны і несправакаваны акт узброенай агрэсіі супраць суверэннай і незалежнай дзяржавы — чальца ААН — з парушэннем асноўных прынцыпаў і нормаў міжнароднага права». Ага, чыё б карова мычала.
А вось МЗС Беларусі спачатку толькі выказаў занепакоенасць у сувязі з «абвастрэннем сітуацыі паміж Ізраілем і Іранам» ды параіў беларусам «ўстрымацца ад паездак у краіны рэгіёна, закранутыя канфліктам». То-бок масіраваныя ўдары — гэта толькі «абвастрэнне сітуацыі». А ЗША, нібыта, і зусім ні пры чым.
І толькі ў другой заяве на іранскую тэму асуджаныя «узброеныя дзеянні, якія прыводзяць да гібелі мірнага насельніцтва».
Інакш кажучы, заступіліся выключна за «мірняк», а вось за розных там вартовых Ісламскай рэвалюцыі ўпісвацца не сталі.
Навошта ляталі ў Мінск іранскія вайскоўцы і прэзідэнт Пезешкіян?
А між тым да самага апошняга часу Мінск актыўна супрацоўнічаў менавіта з іранскімі чынамі ў пагонах. У лістападзе Беларусь наведала дэлегацыя ВПС Ірана.
У снежні тут пабывала яшчэ больш прадстаўнічая дэлегацыя вайскоўцаў Ісламскай Рэспублікі, бакі ўзгаднілі план сумесных мерапрыемстваў на 2026 год. Начальнік беларускага Генштаба Павал Муравейка патэтычна заявіў, што «гэта толькі маленькі фундамент, на якім можна будаваць больш пашыранае супрацоўніцтва». Цяпер гэты фундамент, здаецца, трэшчыць па швах.
Раней, у кастрычніку, у Тэгеране гасцяваў старшыня Дзяржкамваенпрама Дзмітрый Пантус, сустракаўся з тамтэйшым міністрам абароны Азізам Насірзадэ. Цяпер шэраг СМІ паведамляе, што яго забілі.
Невядома, ці жывы прэзідэнт Масуд Пезешкіян. У жніўні мінулага года ён прыязджаў у Мінск. Тады Служба вонкавай разведкі Украіны заявіла, што рэальны парадак дня яго перамоваў з Лукашэнкам «адрозніваўся ад афіцыйных заяў».
Паводле звестак украінскіх разведчыкаў, «для Тэгерана ключавым пытаннем стала магчымасць аднаўлення сістэм СПА і сродкаў радыёэлектроннай барацьбы, сур'ёзна пашкоджаных падчас нядаўняй вайны з Ізраілем (маецца на ўвазе Дванаццацідзённая вайна ў чэрвені 2025 года. — рэд.). Беларусь, у адрозненне ад Расіі, менш абмежаваная санкцыямі ў ваенна-тэхнічнай сферы і можа стаць каналам для аднаўлення абаронных магутнасцяў Ірана».
Застаецца толькі здагадвацца, наколькі паспеў рэжым Лукашэнкі дапамагчы Ірану ў гэтых пытаннях. Але цяпер, здаецца, і на гэтых планах (якія, верагодна, абмяркоўваў у Тэгеране Пантус) давядзецца паставіць крыж. Дражніць сябра Дональда з яго крутым норавам небяспечна. Ды і ў прынцыпе, вялікае пытанне, ці ўтрымаецца рэжым аятолаў.
Таргавацца з Трампам — справа рызыкоўная
Як бачым, цяперашні гаспадар Белага дому апынуўся для Лукашэнкі даволі праблемным «сябрам». З аднаго боку, падарыў запанкі, запрасіў у свой Савет міру. Усё гэта цешыць дыктатара, які церпіць ад комплексу нелегітымнасці.
З іншага боку, Трамп, сам не надта вялікі дэмакрат, узяўся за тыя аўтакратычныя рэжымы, з якімі не старгаваўся. Венесуэла, Іран, жартачкі пра «сяброўскі захоп Кубы»…
І тое, што Лукашэнку, палкаму абаронцу дыктатараў (падаецца, цялятаў і дэспатаў ён любіць больш за ўсё), цяпер даводзіцца памоўкваць або ў крайнім выпадку ропаць упаўголаса, — гэта было б яшчэ паўбяды.
Ды ж у яго самога ў працэсе — «вялікая здзелка» з Трампам. І хочацца ўрваць паболей, і ў той жа час напэўна боязна занадта перабіраць, заломваць цану. Вунь з Іранам Вашынгтон яшчэ некалькі дзён таму таксама вёў у Жэневе перамовы пра ядзерную праграму, а сёння — ужо разносіць ракетамі рэзідэнцыі ў Тэгеране, абвінаваціўшы тамтэйшы рэжым у зрыве дыялогу.
Беларускаму ж кіраўніку Трамп не раз нагадваў, што хоча бачыць на волі тысячу з лішнім палітвязняў.
Не надта хочацца выпускаць на волю такую колькасць ворагаў (хацелася б яшчэ і з ЕС потаргавацца гэтым жывым таварам), але, відаць, давядзецца.
А яшчэ чорт дзёрнуў Лукашэнку за язык прапанаваць амерыканцам калійны актыў. А раптам Трамп у сваім духу пачне збіваць цану? І паспрабуй заартачыся…
Дык што запанкі запанкамі, а галаўнога болю беларускаму кіраўніку гэта ўвага Трампа відавочна дадала.
А тут яшчэ і два Уладзіміры дадаюць галаўняка
І гэта ж яшчэ не ўсё. Першы саміт Савета міру Лукашэнку давялося прапусціць: Крэмль прыструніў. Ці то рэўнасць там узяла верх, ці то экзістэнцыйныя фобіі страты «беларускага балкона».
Тым часам агенцтва Bloomberg 28 лютага паведаміла, што Расія можа выйсці з мірных перамоваў з Украінай пры ўдзеле ЗША, калі Кіеў не пагодзіцца на тэрытарыяльныя саступкі.
Калі Уладзімір Пуцін і насамрэч пойдзе на такі крок, то яго тым больш будзе раздражняць сепаратная гульня Лукашэнкі на амерыканскім трэку.
У дадатак да ўсяго гэтая гульня відавочна не спадабалася Кіеву. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі кажа: «Мы будзем уключацца цяпер у гэты трэк і будзем абмяркоўваць з ЗША, што так быць не можа», бо Лукашэнка, маўляў, саагрэсар, замешаны ў ваенных злачынствах.
Больш за тое, Зяленскі даволі выразна дае беларускаму кіраўніку зразумець, што ў Кіева доўгія рукі — і знішчэннем на поўдні Беларусі рэтранслятараў, якія наводзілі расійскія беспілотнікі, справа можа не абмежавацца.
Вось такія пірагі: Масква спрабуе глыбей уцягнуць саюзніка ў вайну, а Украіна, у якой дальнабойныя дроны і «Фламінга», намякае Лукашэнку на адказку. Карацей, куды ні кінь — усюды вілы.