У Беларусі забаранілі яшчэ тры расійскія БАДы
- 1.03.2026, 18:06
Тэрмінова праверце свае аптэчкі.
У Беларусі забаранілі ўвоз, захоўванне і продаж яшчэ трох біялагічна актыўных дабавак (БАДаў) да ежы расійскай вытворчасці. Пра гэта паведамілі у Рэспубліканскім цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. Гаворка пра прадукцыю кампаніі ТАА «Сапплемент Групп».
У спіс забароненых адныне ўнесены:
«Vitamin A (Вітамін A)»;
«Methyl B12 (Метылкобаламін B12)»;
«Folic acid (Фаліевая кіслата)».
Спецыялісты ўстанавілі, што ў капсулах гэтых БАДаў перавышаная дапушчальная сутачная доза актыўных рэчываў. Менавіта гэта стала падставай для ўвядзення часовых санітарных мер.
Паводле даных спецыялістаў, празмерны прыём вітамінаў A і B12 можа выклікаць непрыемныя сімптомы — галавакружэнне, млоснасць, скурныя рэакцыі.
Асобная ўвага — фаліевай кіслаце. Яна неабходная для правільнага развіцця плоду, асабліва ў першым трыместры цяжарнасці. Аднак празмерны прыём можа быць небяспечны для будучага дзіцяці.