BE RU EN

Праграміст з Гомеля стварыў ШІ-сэрвіс для пошуку сваякоў

  • 1.03.2026, 19:51

На дадзеным этапе праект скіраваны на пошук яўрэйскіх каранёў.

Гамяльчанін Цімафей Курчэнок – малады прадпрымальнік, які стаў адным з распрацоўшчыкаў стартапа Repo AI. Гэта сэрвіс для пошуку каранёў па прозвішчы на аснове штучнага інтэлекту. Праект дапамагае карыстальнікам аднаўляць сямейную гісторыю, расказалі «Гомельскія ведамасці».

Зараз сэрвіс праходзіць тэставанне і рыхтуецца да запуску. Паводле слоў Цімафея, адна з галоўных праблем у генеалагічных даследаваннях — скажэнні прозвішчаў у старых дакументах і недаступнасць архіваў.

— Часта пошук звестак пра сваё генеалагічнае дрэва, пра продкаў ускладняецца тым, што ў старых дакументах прозвішчы маглі быць скажоныя з-за памылак. Да таго ж многія архівы дагэтуль не алічбаваныя. На ўдакладненні і перапіску з архіўнымі ўстановамі могуць пайсці месяцы, калі не гады, а вынік можа аказацца далёкім ад чаканняў, — патлумачыў ён.

Repo AI аналізуе вялікі масіў архіўных запісаў і знаходзіць супадзенні з дапамогай алгарытмаў штучнага інтэлекту.

Алгарытм здольны выпраўляць памылкі: ШІ разумее, як прозвішча магло змяніцца ў розных анлайн-базах, можа аднавіць сваяцкія сувязі і знайсці ўскосныя доказы сваяцтва там, дзе прамыя дакументы знішчаныя або страчаныя.

Праграма выкарыстоўвае «разумны» пошук і правярае ключавыя базы даных, у тым ліку звесткі часоў другой сусветнай вайны.

Пакуль сэрвіс скіраваны на пошук яўрэйскіх каранёў, але з цягам часу распрацоўшчыкі плануюць пашырыць магчымасці для аднаўлення інфармацыі пра сваякоў людзей любой нацыянальнасці.

Апошнія навіны