НАТА стварае новы штаб у Фінляндыі
- 10.03.2026, 4:21
Гэта ўжо трэцяе падраздзяленне Альянсу ў краіне.
У Фінляндыі, у раёне Рыйхімякі, адкрываюць трэці штаб НАТА, які будзе спецыялізавацца на інфармацыйных тэхналогіях і тэлекамунікацыях. У падраздзяленні будзе працаваць 60 чалавек. НАТА аплаціць частку выдаткаў на будаўніцтва, стварэнне і ўтрыманне падраздзялення сістэм кіравання. Як патлумачыў міністр абароны Antti Häkkänen, гэта падраздзяленне ўзмоцніць здольнасць НАТА абараняць Фінляндыю і ўсю паўночную тэрыторыю альянсу.
«Маё рашэнне аб месцы размяшчэння грунтуецца на агульнай ацэнцы нацыянальнай абароны. Я ўлічыў патрабаванні НАТА і перспектывы абароны Фінляндыі», — сказаў міністр у паведамленні Міністэрства абароны, перадае YLE.
Дзейнасць на тэрыторыі гарнізона Рыйхімякі пачнецца ў наступным годзе ў часовых памяшканнях. Будаўнічыя працы для пастаяннага месца на тэрыторыі гарнізона якраз пачынаюцца. Паводле плану, разгортванне плануюць завяршыць цягам 2029 года.
Такім чынам, у Фінляндыі будзе тры падраздзяленні НАТА: Раваніемі — шматнацыянальны штабны элемент (Multinational Staff Element, MNSE) перадавых сухапутных сіл НАТА (Forward Land Forces, FLF). Баявая група дзейнічае ў раёнах Раваніемі і Соданкюля.
Мікелі — штаб сухапутных войскаў НАТА Паўночнай Еўропы, гэта значыць Паўночнае камандаванне кампанента сухапутных войскаў (Multi-Corps Land Component Command, MCLCC).
Рыйхімякі — тэлекамунікацыйныя і інфармацыйныя сістэмныя паслугі для падтрымкі кіравання войскамі і камандных узроўняў НАТА.