Чаму нельга надзяваць чорныя шкарпэткі ў самалёт?
- 10.03.2026, 10:34
Стюард з 25-гадовым стажам растлумачыў.
Калі заходзіць гаворка пра доўгія пералёты, зручнае адзенне становіцца не капрэзам, а неабходнасцю. Аднак, як высветлілася, яе таксама трэба падбіраць паводле пэўных крытэрыяў.
Высветлілася, што не варта надзяваць у самалёт чорныя шкарпэткі, бо гэта можа прывесці да нечаканых праблем. Як піша Express, пра гэта распавёў Крыс Мейджор – брытанскі стюард з 25-гадовым стажам. За сваю кар'еру ён бачыў усё — ад кароткіх рэйсаў да знясільваючых 14-гадзінных марафонаў у небе.
Паводле яго слоў, адзін з самых папулярных спосабаў уладкавацца зручней у салоне самалёта можа стаць сапраўднай перашкодай, калі на вас чорныя шкарпэткі. А калі над крэсламі гасне святло, дык нават небяспекай.
Крыс тлумачыць, што цяжкасці ўзнікаюць менавіта на начных рэйсах, калі асвятленне робяць прыцішаным, каб даць пасажырам магчымасць паспаць. Людзі спрабуюць расслабіцца, выцягваюць ногі і часта кладуць іх у праход. Калі пры гэтым на вас чорныя шкарпэткі, то экіпаж і пападарожнікі, якія не спяць і ўсталі прайсціся, могуць заўважыць вашы ступні толькі ў апошні момант. Яны спатыкнуцца, падымуць шум і разбудзяць не толькі таго, чые ногі апынуліся на шляху, але і ўсіх суседзяў. А яшчэ могуць траўміравацца.
У вузкім праходзе стюарды рухаюцца вельмі хутка, часта з гарачымі напоямі ў руках. Ім даводзіцца манеўраваць паміж сумкамі, локцямі і паўсоннымі падарожнікамі. Усё, што цяжка разгледзець на ўзроўні падлогі, становіцца патэнцыйнай прычынай такой сітуацыі.
Тым часам вопытныя падарожнікі маюць свой варыянт, чым замяніць бавоўнавыя чорныя шкарпэткі. Паводле іх слоў, для доўгага пералёту найлепш падыдуць спецыяльныя — кампрэсійныя. Яны дапамагаюць крыві свабодна цыркуляваць у нагах нават падчас доўгага сядзення і аберагаюць ад утварэння тромбаў. Але ўсё ж такі лепш выбірайце колер, добра прыкметны на фоне падлогавага пакрыцця.