Што — зноў?
- Віталь Цыганкоў
- 10.03.2026, 11:31
Ідэя Лукашэнкі правалілася.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што рады бачыць грамадзян Узбекістана, якія прыедуць працаваць у Беларусь. Пра гэта ён сказаў падчас сустрэчы з паслом гэтай краіны Рахматулай Назаравым.
— Многа ўзбекаў жыве ў нас і хочуць жыць і працаваць. Гэта нашы людзі. Мы з вялікім задавальненнем запрашаем да сябе, асабліва сямейных. У нас, на жаль, не такі прырост насельніцтва, як у вас. Таму мы заўсёды рады бачыць вельмі працавітых узбекскіх людзей, калі яны вырашаць сюды прыехаць, — заявіў Лукашэнка.
І тут, як у тым вядомым украінскім мультфільме пра ваўка, хочацца спытаць: «Што — зноў?».
Сапраўды, гэта мы ўжо чулі: летась, 11 красавіка 2025 года, падчас сустрэчы ў Мінску з прэм'ер-міністрам Пакістана Шахбазам Шарыфам Лукашэнка заявіў, што Беларусь гатовая прыняць 100–150 тысяч пакістанскіх спецыялістаў для працы ў розных сектарах эканомікі.
Памятаем, якія гарачыя дыскусіі выклікала гэта запрашэнне: людзі масава абураліся ў сацыяльных сетках, а сілавікі нават затрымлівалі тых, хто негатыўна выказваўся пра магчымы прыезд пакістанцаў. Безумоўна, улады гэта маніторылі і адпаведным чынам дакладалі наверх пра негатыўныя грамадскія настроі.
Мінуў амаль год, і можна смела сказаць, што ідэя з пакістанцамі на сёння цалкам правалілася — у Беларусь прыехалі літаральна некалькі дзясяткаў, максімум некалькі соцень чалавек з гэтай краіны. І прычына не столькі ў негатыўным стаўленні беларусаў да гэтай ідэі (у пэўных сітуацыях уладу гэта не надта хвалюе), колькі ў фінансах і эканоміцы.
У Пакістане сярэдні заробак каля 300 долараў, і каб мігранту мела сэнс ехаць у Беларусь, яму трэба зарабляць тут значна больш — мінімум 700 долараў, каб, аплачваючы тут ежу і жыллё, ён мог нешта адкладаць і перасылаць на радзіму.
Хто ж дасць яму такія грошы за простую фізічную працу? Бо ў Беларусі медыянны заробак (апошнія даныя за лістапад) складае 2081 рубель, тыя ж самыя каля 700 долараў.
А цяпер Лукашэнка запрашае прыехаць грамадзян Узбекістана. Аднак сярэдні заробак у Узбекістане — каля 500 долараў. Стымулу ехаць у небагатую Беларусь яшчэ меней.
Заявы Лукашэнкі зноў падкрэсліваюць стратэгічную праблему беларускай эканомікі — недахоп працоўных рук, які абвастрыўся праз тое, што пасля 2020 года з краіны выехала як мінімум паўмільёна высокаадукаваных і прафесійных людзей.
Улады, ды і бізнэс, у апошнія гады былі вымушаныя павышаць заробкі тым, хто застаўся, што павялічвала вытворчыя выдаткі і пагаршала прыбытковасць і рэнтабельнасць беларускіх прадпрыемстваў. Гэты рэсурс вычарпаўся. І цяпер улада не бачыць іншага выхаду, як запрашаць мігрантаў.
Другі варыянт — спыніць рэпрэсіі, аднавіць законнасць і правы работнікаў, каб у краіну маглі вярнуцца тыя сотні тысяч беларусаў, якія выехалі па палітычных прычынах, — Лукашэнка не разглядае.
Віталь Цыганкоў, «Радыё Рацыя»