Беларускага ІП залічылі ў «дармаеды»
- 10.03.2026, 12:03
Цяпер яго просяць заплаціць за камуналку 380 рублёў.
Беларускі карыстальнік TikTok расказаў, што яго ўключылі ў базу «дармаедаў», хоць ён афіцыйна працуе як індывідуальны прадпрымальнік. Па яго словах, з-за гэтага яму ўжо два месяцы налічваюць павышаную аплату за камунальныя паслугі.
Ён растлумачыў, што гаворка ідзе пра невялікую кватэру ў Гомелі. У адной з апошніх «жыровак», па яго словах, сума за камунальныя паслугі склала каля 380 рублёў у месяц.
«Мне два месяцы налічваюць нейкую незразумелую камуналку. Увогуле без найменшага ўяўлення, чаму такая сума. Проста плаціў і думаў, што моцна паднялі тарыфы. А потым мне кажуць: «Можа, ты ў базе «дармаедаў» лічышся?», — расказаў аўтар відэа.
Тыктокер таксама сцвярджае, што яму тэлефануюць з міліцыі і патрабуюць даказаць, што ён не адносіцца да катэгорыі «дармаедаў».
«Мне кажуць: дакажыце, што вы не «дармаед». Чаму я павінен хадзіць і нешта даказваць, не атрымліваючы за гэта ніякага заробку? Што ўвогуле за лухта адбываецца?» — абураецца мужчына.