У сям’і з-пад Лельчыц нарадзіліся шасцёра пагодкаў
- 10.03.2026, 14:59
Малодшай далі незвычайнае імя.
У сям’і Вольгі і Анатоля Астаповічаў з Лельчыцкага раёна нарадзілася шостае дзіця. Бацькі вырашылі даць дзяўчынцы незвычайнае імя. Выбіралі яго амаль месяц. На якім спыніліся, распавялі ў Галоўным упраўленні юстыцыі Гомельскага аблвыканкама.
У спісе магчымых імёнаў былі Анжаліка, Надзея, Аміра і Соня. Спачатку тата хацеў спыніцца на імені, што пачынаецца з літары «А», каб яно спалучалася з імем па бацьку і прозвішчам. Але ў выніку прапанаваў назваць дачку Рызідай. Для сям’і гэтае імя аказалася цалкам звыклым — так завуць адну з бабуль, родам з Башкірыі.
Ідэю падтрымалі не ўсе сваякі, але на канчатковае рашэнне паўплывала значэнне імя. У перакладзе з арабскай Рызіда азначае «царыца». Дзяўчынка — другая дачка ў вялікай сям’і. Мама ласкава называе малую Розачкай.