BE RU EN

Вяртанне легенды: «Конан-варвар 3» афіцыйна ў распрацоўцы

  • 10.03.2026, 15:13

78-гадовы Шварцэнэгер — у галоўнай ролі.

Арнольд Шварцэнэгер анансаваў працяг фэнтэзі-баявіка «Конан-варвар». Сцэнарый і рэжысуру ўзяў на сябе Крыстофер МакКуоры, а сам 78-гадовы акцёр намерыўся ізноў выканаць сваю легендарную ролю, піша itc.ua.

«Толькі што найнялі фантастычнага сцэнарыста/рэжысёра, які працаваў над апошнімі чатырма фільмамі Тома Круза. Цяпер прапісваюць ролі. Яны не будуць рабіць выгляд, што мне зноў 40 гадоў. Усё адпаведна ўзросту. У любым выпадку я пайду туды і надраю камусьці дупу, але гэта будзе інакш», — расказаў Шварцэнэгер

Праект рыхтуюць пад папярэдняй назвай «Кароль Конан». І, уласна, гэта не першая спроба зняць гэтую гісторыю. Яшчэ ў 2000‑х гадах планавалася, што фільм здыме Джон Міліюс, а рэжысёркі «Матрыцы» сёстры Вачоўскі былі прыцягнутыя да прадзюсавання.

Што можа здзівіць яшчэ больш? Гэта не адзінае «вялікае вяртанне» Шварцэнэгера. Разам з «Конанам-варварам» ён анансаваў свой будучы ўдзел у франшызе «Драпежнік» Дэна Трахтэнберга і распрацоўку «Камандас 2».

«Гэта цудоўная старая гісторыя пра тое, як Конан быў каралём 40 гадоў і яго выгналі. Вядома, узнікае канфлікт, аднак неяк ён вяртаецца. Там ёсць усялякае вар'яцтва, гвалт, магія, незвычайныя істоты і іншае. Цяпер ёсць выдатныя магчымасці са спецэфектамі. У студыі дастаткова грошай, каб зрабіць фільмы сапраўды вялікімі, таму я з нецярпеннем чакаю гэтых праектаў».

МакКуоры, які атрымаў «Оскар» за сцэнарый да фільма «Звычайныя падазраваныя», дэбютаваў як рэжысёр у 2000 годзе са «Шляхам зброі» і з таго часу стаў пастаянным творчым партнёрам Тома Круза — паставіў «Джэк Рычэр» і чатыры апошнія фільмы ў серыі «Місія: немагчыма», а таксама працаваў як сцэнарыст і прадзюсар над «Топ Ган: Мэверык» і «На мяжы будучыні».

Арнольд Шварцэнэгер, калісьці найбуйнейшая галівудская зорка баявікоў, апошні раз з'яўляўся на вялікім экране амаль 7 гадоў таму ў, мякка кажучы, няўдалым вяртанні да «Тэрмінатара» з фільмам «Фатум». Замест гэтага акцёр засяродзіўся на супрацоўніцтве з Netflix у серыялах «Фубар» і «Арнольд».

Шварцэнэгер згуляў Конана ў фільмах «Конан-варвар» 1982 года і «Конан-разбуральнік» 1984 года, якія ў выніку сталі яго першай вялікай франшызай баявікоў. Галівуд паспрабаваў перазапусціць серыю ў 2011 годзе з Джэйсанам Мамоа у галоўнай ролі, але фільм расчараваў у пракаце, сабраўшы ўсяго $63 млн па ўсім свеце пры бюджэце вытворчасці ў $90 млн.

Апошнія навіны