BE RU EN

Камісія ААН: Расія здзейсніла злачынства супраць чалавечнасці

  • 10.03.2026, 18:41

Апублікаваны даклад.

Міжнародная камісія ААН назвала злачынствам супраць чалавечнасці дэпартацыю, незаконнае перамяшчэнне і прымусовае знікненне дзяцей Расіяй з акупаваных тэрыторый, а таксама ваенным злачынствам затрымку ў рэпатрыяцыі гэтых дзяцей ва Украіну. Пра гэта паведамілі ў Незалежнай міжнароднай камісіі ААН па расследаванні парушэнняў, учыненых падчас вайны Расіі і Украіны, перадае «Радыё Свабода».

Камісія таксама апублікавала новы даклад, у якім падрабязна апісвае вынікі расследавання за мінулы год.

«Сабраныя доказы дазваляюць Камісіі прыйсці да высновы, што расійскія ўлады здзейснілі злачынствы супраць чалавечнасці, такія як дэпартацыя і прымусовае перамяшчэнне, а таксама прымусовае знікненне дзяцей. Камісія таксама пацвярджае сваю папярэднюю выснову, што расійскія ўлады незаконна дэпартавалі і перамяшчалі дзяцей, што з’яўляецца ваенным злачынствам, і неапраўдана затрымлівалі іх рэпатрыяцыю, што таксама з’яўляецца ваенным злачынствам», — гаворыцца ў дакуменце.

Таксама камісія вызначыла, што дзеянні Расіі ў дачыненні да дэпартаваных або перамешчаных дзяцей парушалі міжнароднае гуманітарнае права і палажэнні міжнароднага права ў сферы правоў чалавека і не былі абумоўленыя найлепшымі інтарэсамі дзіцяці.

У дакладзе камісіі гаворыцца, што расійскія ўлады свядома і сістэматычна не раскрываюць інфармацыю пра месцазнаходжанне дзяцей, размяшчаюць іх у дзіцячых дамах, аддаюць у прыёмныя сем’і, у некаторых выпадках дзяцей усыноўліваюць расійскія сем’і, нягледзячы на наяўнасць у іх родных ва Украіне. Гэта, на думку камісіі, прыраўноўваецца да іншага злачынства супраць чалавечнасці — прымусовага знікнення дзяцей.

Апошнія навіны