Нафтагазавыя даходы бюджэту РФ за студзень-люты ўпалі на 47%
- 10.03.2026, 22:40
У Мінфіне РФ растлумачылі скарачэнне паступленняў у бюджэт зніжэннем коштаў на нафту.
Нафтагазавыя даходы расійскага федэральнага бюджэту за студзень-люты 2026 года знізіліся на 47,1% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года і склалі 826 млрд рублёў. Пра гэта стала вядома з папярэдніх разлікаў Мінфіна РФ.
Як адзначылі ў ведамстве, нафтагазавыя даходы аказаліся ніжэй за іх базавы памер на студзень-люты гэтага года. У адпаведнасці з «бюджэтнымі правіламі» сродкі Фонду нацыянальнага дабрабыту (ФНБ) у аб'ёме недаатрыманых даходаў выкарыстаны для фінансавання дэфіцыту бюджэту. У Мінфіне растлумачылі скарачэнне паступленняў у бюджэт зніжэннем коштаў на нафту.
У справаздачы таксама адзначаецца, што ненафтагазавыя даходы федэральнага бюджэту павялічыліся на 4,1% у параўнанні з мінулым годам, а аб'ём выдаткаў — вырас на 5,8%. Бюджэт за гэты перыяд закрыўся з дэфіцытам у 3 449 млрд рублёў, што на 1 032 млрд рублёў вышэй за ўзровень мінулага года.