BE RU EN

ЗША знішчылі 16 мінных загараджальнікаў Ірана ў Армузскім праліве

  • 11.03.2026, 8:31

Загад Трампа выконваецца.

Амерыканскія вайскоўцы знішчылі іранскія ваенныя караблі паблізу Армузскага праліва, у тым ліку 16 мінных загараджальнікаў, якія выкарыстоўваліся для мінавання. Пра гэта 10 сакавіка паведаміла Цэнтральнае камандаванне Узброеных Сіл ЗША. Вайскоўцы адрапартавалі пра ліквідацыю мэт пасля таго, як амерыканская разведка зафіксавала спробы Тэгерана замінаваць Армузскі праліў. Для гэтага, паводле звестак разведкі, былі задзейнічаны невялікія судны, здольныя несці ад 2 да 3 мін кожнае. Невядома, колькі ўсяго мін мае Іран, але ацэнкі вагаюцца ад 2 да 6 тыс.

Крыніцы CNN, знаёмыя з данымі амерыканскай разведкі, адзначылі, што мінаванне пакуль не набыло маштабнага характару — было ўстаноўлена ўсяго некалькі дзясяткаў зарадаў. Але Іран, нягледзячы на практычна поўнае знішчэнне ваенна-марскога флоту, па-ранейшаму захоўвае ад 80% да 90% сваіх малых катэраў і мінных загараджальнікаў, якіх дастаткова, каб устанавіць «сотні мін» у фарватэры Армузскага праліва. Адзін з суразмоўцаў тэлеканала адзначыў, што водны маршрут фактычна кантралюецца Корпусам вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР), які, акрамя ўстаноўкі мін, можа ўскладніць праход судоў абстрэламі з берагавых ракетных батарэй.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Іран павінен «неадкладна» прыбраць усе міны з праліва, калі яны там устаноўлены. У адваротным выпадку ён пагразіў Тэгерану «беспрэцэдэнтнымі» наступствамі. Да гэтага Трамп пагражаў наносіць удары па Іране «ў 20 разоў мацней», калі іранскія вайскоўцы спыняць пастаўкі нафты праз Армузскі праліў. Са свайго боку прадстаўнік КВІР Сардар Наіні папярэдзіў, што Тэгеран не дазволіць вывезці «ні літра нафты» праз праліў, пакуль агрэсія ЗША і Ізраіля працягваецца. Ён адзначыў, што «рукі Ірана цяпер развязаныя для пашырэння вайны».

Армузскі праліў — гэта стратэгічна важная марская артэрыя, якая злучае Персідскі заліў з Індыйскім акіянам, праз якую на сусветны рынак паступае каля 20% сусветных паставак нафты і да 30% звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ). Пасля пачатку вайны ЗША і Ізраіля супраць Ірана Тэгеран прыгразіў заблакаваць рух па праліве для «варожых дзяржаў». Пры гэтым сам Іран з'яўляецца адным з ключавых экспарцёраў нафты, якія выкарыстоўваюць гэты маршрут.

Апошнія навіны