У новым рэйтынгу Forbes ёсць некалькі ўраджэнцаў Беларусі
- 11.03.2026, 11:54
Аднак яны пазначаныя як «расійскія бізнесмены».
Часопіс Forbes апублікаваў 40-ы штогадовы глабальны рэйтынг доларавых мільярдэраў. Першае месца ў спісе самых багатых людзей свету зноў заняў Ілон Маск. На другой і трэцяй пазіцыях размясціліся заснавальнікі Google — Лары Пэйдж і Сяргей Брын. Чацвёртым стаў заснавальнік Amazon Джэф Безас, які годам раней займаў трэцяе месца.
У рэйтынгу таксама апынуўся суўладальнік расійска-беларускай групы кампаній «Содружество» Аляксандр Луцэнка. Forbes уключыў яго ў спіс як аднаго з 155 расійскіх мільярдэраў, што трапілі ў рэйтынг у гэтым годзе. Луцэнка заняў 2712-е месца з капіталам каля 1,4 млрд долараў. Прадпрымальнік мае беларускі пашпарт і пачынаў бізнес у Беларусі ў 1990-я гады. У краіне ён, у прыватнасці, мае завод па вытворчасці кармоў, склады, вагоны і офіс у Мінску на праспекце Пераможцаў.
Сярод мільярдэраў беларускага паходжання — расійскія бізнесмены Андрэй Мельнічэнка, Дзмітрый Мазепін, Аляксандр Еўневіч і Уладзімір Мельнікаў, а таксама амерыканскі інвестар Ігар Тульчынскі.