Украінскі дрон F-Drones абраны для паставак у ЗША
- 11.03.2026, 18:01
Дрон F7 прызнаны найбольш выніковым сродкам паражэння на фронце.
Кампанія Ukrainian Defense Drones Tech Corporation была выбрана для ўдзелу ў конкурсе на атрыманне кантрактаў у межах праграмы Пентагона Drone Dominance Program, паводле якой ЗША плануюць набыць тысячы недарагіх ударных беспілотнікаў. Аб гэтым гаворыцца ў артыкуле The New York Times «Украіна дасягнула важнай вяхі: вытворчасць дронаў без кітайскіх кампанентаў».
Ukrainian Defense Drones Tech Corporation прадстаўляла ў конкурсе дрон украінскай вытворчасці пад брэндам F-Drones.
F-Drones вырабляе ўдарныя квадракоптары тыпу FPV, якія выкарыстоўваліся часцей за іншыя беспілотнікі для знішчэння расійскай цяжкай тэхнікі. Большасць кампанентаў вырабляецца на ўласных магутнасцях, а астатнія пастаўляюць пераважна еўрапейскія кампаніі.
«Кампанія пачала вытворчасць дронаў у 2023 годзе. Спачатку ўсе яе кампаненты былі кітайскага паходжання. Аднак ужо цягам года кампаніі ўдалося лакалізаваць вытворчасць карбонавых рам і антэн. Да 2025 года яна пашырыла вытворчасць і пачала вырабляць палётныя кантролеры, рэгулятары хуткасці, радыёмадэмы і сістэмы відэаперадачы. Потым кампанія атрымала доступ да тэхналогій вытворчасці камер, якія плануе вырабляць у Еўропе. Цяпер камеры закупаюцца ў іншай украінскай кампаніі, якая імпартуе камплектуючыя з Еўропы», — гаворыцца ў матэрыяле.