У Кобрыне раскрылі афёру з крадзяжом мяса
- 12.03.2026, 14:15
Ветэрынар падчас санітарна-эпідэміялагічнай экспертызы адразала частку мяса з туш і хавала яго.
У Кобрыне расследуецца крымінальная справа аб крадзяжы мясной прадукцыі на адным з дзяржаўных прадпрыемстваў. Пра гэта паведамілі ў упраўленні Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці.
Фігурантамі сталі чатыры супрацоўнікі прадпрыемства. Следства ўстанавіла, што ветэрынар забойнай пляцоўкі арганізавала крадзеж, змовіўшыся з вытворцам каўбаснай абалонкі, прыбіральшчыкам памяшканняў і яшчэ адной саўдзельніцай, якая абяцала прадаваць украдзенае мяса.
Пасля забою жывёлы ветэрынар падчас санітарна-эпідэміялагічнай экспертызы адразала частку мяса з туш і хавала яго. Пазней група выносіла прадукцыю з тэрыторыі прадпрыемства, прадавала знаёмым і дзяліла грошы паміж сабой.
Паводле даных Следчага камітэта, за тры месяцы злачынны квартэт пахісціў мяса амаль на 9 тысяч рублёў.
Усе абвінавачаныя прызналі віну і кампенсавалі шкоду прадпрыемству. Ім прад'яўлена абвінавачанне па артыкуле «Крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, учынены групай асоб па папярэдняй змове» (ч. 2 арт. 210 КК Беларусі). Санкцыі артыкула прадугледжваюць пакаранне да шасці гадоў пазбаўлення волі.