«Не за такія грошы — такая якасць»
- 12.03.2026, 15:44
Гамяльчанка зрабіла агляд прадукцыі «8 Марта».
Гамяльчанка зрабіла агляд прадукцыі фірменных крамаў фабрыкі «8 Марта» і паказала цэны. Іх узровень выклікаў крытыку каментатараў, заўважыў «Флагшток».
Высветлілася, што Гомельвадоканал падараваў гамяльчанцы да 8 Сакавіка сертыфікат на 75 рублёў на прадукцыю «8 Марта». Каб яго выкарыстаць, яна і наведвала фірменныя крамы фабрыкі.
«Як для іх якасці да першай пранкі — дорага», — пракаментавала адна з карыстальніц.
З ёй згадзіліся, а іншыя каментатары напісалі, што ім таксама выдавалі такія сертыфікаты, толькі на меншую суму: 30 рублёў і 10 рублёў.
«Пайду па шкарпэткі», — з горкай іроніяй адзначыў адзін з іх.
Увогуле, у дзясятках каментароў гледачы раскрытыкавалі якасць прадукцыі «8 Марта», цэны на якую многіх шакавалі.
«Мне даўно не падабаецца іх якасць. Трыкатаж нейкі з вузельчыкамі. І ўсё кроена па касой. Пасля першай пранкі ўсе швы ідуць па дыяганалі. Не за такія грошы — такая якасць», — дадала іншая карыстальніца.