Украіна ў гэтым годзе надала ЗША больш ваеннай дапамогі, чым Амерыка Украіне
- Мікалай Княжыцкі
- 12.03.2026, 19:39
У новай архітэктуры еўрапейскай бяспекі Украіна будзе адыгрываць ключавую ролю.
Украіна ў гэтым годзе надала ЗША больш ваеннай дапамогі, чым Амерыка Украіне. Менавіта такая выснова напрошваецца з навінаў пра накіраванне ўкраінскіх вайскоўцаў і тэхнікі ў краіны Пярсідскага заліва для перахопу іранскіх Shahed.
Падчас Давоскага форуму ўкраінская дэлегацыя праводзіла прэзентацыю, у якой была змадэляваная атака Shahed на еўрапейскія гарады — Парыж, Брусель, сам Давос. Тады гэта амаль усе праігнаравалі. Сапраўды, хто мог уявіць, што баявыя дроны будуць атакаваць Дубай. Хоць, як піша гісторык Ніл Фергюсан, самога факту, што Shahed прыдумалі ў Іране, павінна было быць дастаткова.
Назапашванне баявога досведу і развіццё правераных ваенных тэхналогій — гэта тыя перавагі, якія Украіна штодзень набывае на полі бою. Мы набываем іх жахлівай цаной, але менавіта здольнасць да абароны застаецца нашай галоўнай гарантыяй бяспекі. Калі ў сярэдзіне лютага 2022 года для імітацыі «украінскай пагрозы» расійская прапаганда па ўсіх каналах паказвала, як украінцы нібыта абстралялі сарай у лесе Белгародскай вобласці, дык сёння атака на чарговую нафтабазу ў Краснадарскім краі можа нават не трапіць у навіны.
Вядома, было б лепш, калі б гэтага досведу ў нас ніколі не было. Вайна прымушае інакш цаніць спакойнае, мірнае жыццё. Таму мы бачым пераацэнку прыярытэтаў не толькі сярод украінцаў, якія ўжо шмат гадоў жывуць ва ўмовах вайны, але і ў іншых краінах — тых, што нечакана для сябе сутыкнуліся з вайной ужо цяпер або разумеюць, што будучая вайна можа быць непазбежнай.
Фінансаванне ўкраінскай абароны з боку нашых партнёраў ніколі не было дабрачыннасцю. Адзіная прычына, чаму расійскія танкі цяпер стаяць пад Пакроўскам, а не пад Будапештам або Браціславай, — украінскія вайскоўцы.
Незалежна ад таго, як скончыцца вайна ва Украіне, пасля яе будзе сфармаваная новая архітэктура еўрапейскай бяспекі, і ключавую ролю ў ёй будзе адыгрываць Украіна. Удзел украінскіх спецыялістаў у абароне краін Пярсідскага заліва толькі яшчэ раз гэта падкрэслівае.
Мікалай Княжыцкі, Facebook