Паліна Шарэнда-Панасюк распавяла пра канфлікт з лукашысткай у ААН
- 12.03.2026, 22:20
Актывістка давяла супрацоўніцу МЗС да істэрыкі напамінам пра палітзняволеных.
Увечары 12 сакавіка стала вядома, што падчас 61-й сесіі Савета ААН па правах чалавека адбыўся канфлікт паміж былой беларускай палітзняволенай Палінай Шарэндай-Панасюк і супрацоўніцай МЗС Ларысай Бельскай. Гэта дыпламатка вырвала з рук жанчыны партрэты двух беларускіх палітзняволеных. Паліна Шарэнда-Панасюк пракаментавала тое, што адбылося, «Радыё Свабода».
Ларыса Бельская на сесіі прадстаўляла афіцыйны Мінск, Паліна Шарэнда-Панасюк удзельнічала ў яе працы як адна з дэлегатак ад беларускіх дэмакратычных сіл. Паводле слоў былой палітзняволенай, падышоўшы да Бельскай з партрэтамі палітзняволеных беларусак, яна хацела прадэманстраваць, што насамрэч адбываецца ў краіне ў абвешчаны ўладамі Год жанчыны:
«Гэта была мая ўсвядомленая акцыя. Яе (Ларысу Бельскую. — Заўв. рэд.) нельга назваць прадстаўніцай Беларусі. Бо яна не прадстаўляе беларусаў. А прадстаўляе злачынную групоўку, якая татальна парушае правы чалавека. І мне незразумела, чаму яна прадстаўляе Беларусь у ААН, арганізацыі, якая абараняе правы чалавека».
Партрэты палітзняволеных Вольгі Майоравай і Алены Лазарчык Паліна Шарэнда-Панасюк узяла з сабой, бо абедзве былі асуджаныя паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэкса Беларусі за непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі. Яна называе іх сімваламі катаванняў жанчын у Беларусі.
«Мы ўбачылі, якая была рэакцыя. Яна са злосцю вырвала гэтыя партрэты. Пагражала выклікаць паліцыю на мяне. Проста ў зале пасяджэнняў. Далейшага развіцця канфлікт не атрымаў. Я засталася ў зале на сесіі. Гэта былі слуханні групы экспертаў, якія прадставілі даклад пра катаванні ў Беларусі. Пра рэпрэсіі, што працягваюцца. Былі выступленні дэлегатаў розных краін. У тым ліку і выступленне Ларысы Бельскай, якое змяшчала набор штампаў. Пра тое, што ў Беларусі ўсё добра», — распавяла актывістка.