ВМС ЗША будуць суправаджаць нафтавыя танкеры праз Армузскі праліў
- 13.03.2026, 9:44
Дзяля забеспячэння стабільнасці сусветных паставак нафты.
Міністр фінансаў ЗША Скот Бэсент заявіў, што Ваенна-марскія сілы ЗША будуць суправаджаць нафтавыя танкеры праз Армузскі праліў дзеля забеспячэння стабільнасці сусветных паставак нафты.
Пра гэта Бэсент паведаміў у інтэрв’ю Sky News:
«Я ўпэўнены, што як толькі гэта стане магчымым з вайсковага пункту гледжання, ВМС ЗША, магчыма, у складзе міжнароднай кааліцыі, будуць суправаджаць судны праз праліў».
Паводле слоў міністра, праз праліў працягваюць праходзіць іранскія і кітайскія танкеры, што сведчыць пра адсутнасць замініравання.
Падчас інтэрв’ю міністра тэрмінова выклікалі ў сітуацыйны пакой Белага дома для нарады з прэзідэнтам Дональдам Трампам. Пасля двухгадзіннай нарады Бэсент не абверг, што тэмай абмеркавання было менавіта ўкараненне ваеннага эскорту для грамадзянскіх суднаў.
Абстрэлы суднаходства і энергетычнай інфраструктуры Іранам ужо прывялі да росту цэн на нафту вышэй за 100 долараў за барэль. Скачок цэн адбыўся нягледзячы на рашэнне больш як 30 краін вызваліць 400 мільёнаў барэляў нафты са сваіх стратэгічных рэзерваў.
Што папярэднічала
У чацвер, 12 сакавіка, новы вярхоўны лідар Ірана Маджтаба Хаменеі абвясціў пра планы выкарыстоўваць блакаванне Армузскага праліву як рычаг ціску на ЗША і Ізраіль.
Раней прэзідэнт ЗША Дональд Трамп даручыў прадаставіць фінансавыя гарантыі для марскога гандлю ў Персідскім заліве і дапусціў прыцягненне ваеннага флоту для абароны танкераў.
У той жа час на фоне энергетычнага крызісу Вашынгтон на 30 дзён дазволіў іншым краінам купляць расійскую нафту, якая ўжо загружаная на танкеры і знаходзіцца ў моры.