BE RU EN

Хранічная «хвароба» Лукашэнкі абвастрылася

  • Артэм Сініцын, «Салідарнасць»
  • 13.03.2026, 9:52

Дыктатар ізноў узяўся за «барацьбу» з пасярэднікамі.

Можна бясконца глядзець, як цячэ вада, гарыць агонь і як Лукашэнка «змагаецца» з пасярэдніцтвам. Змагаецца, колькі сябе памятае. Вось, напрыклад, цытата з далёкага 2002-га:

«Выпускаць прадукцыю навучыліся — прадаваць не ўмеем. Яшчэ перашкаджае бартар, перашкаджаюць тыя, хто прагне зарабіць на пасярэдніцтве, шмат іншых негатыўных з’яў нашага эканамічнага жыцця. Усё ў нас саміх. Захочам вырашыць — вырашым».

Ці то нам тады чагосьці не ставала, ці то і не дужа хацелася, але з таго часу «барацьба» набыла хранічны і безвыніковы характар. Зусім як «барацьба» з павсюднай карупцыяй або дэфіцытам дысцыпліны ў гаротнай сельскай гаспадарцы (і не толькі).

І не скажаш жа, што нічога не робіцца: і штогадовыя нарады ладзяць, і рэгулярныя «галавамыйкі» нястаранным профільным чыноўнікам практыкуюць, а воз шкоднаснага пасярэдніцтва і цяпер там.

А гэтая барацьба — тонкая справа. Галоўнае ў ёй — у працэсе не выйсці на сябе. Як у выпадку з тым жа «БелАЗам», на якім сям’я Лукашэнкі нажываецца — якая іронія — у якасці пасярэдніка.

Ці не таму проста цяпер кіраўнік запатрабаваў «ясна падзяліць абгрунтаванае і неабгрунтаванае пасярэдніцтва»? Каб і далей багацець на народным здабытку, але ўжо «абгрунтавана».

У любым выпадку можна з упэўненасцю сказаць, што гэтая «барацьба» будзе цягнуцца роўна да таго моманту, пакуль паміж беларусамі і нармальным жыццём не знікне даўно заседзеўшыся і ўтраціўшы ўсялякую абгрунтаванасць пасярэднік.

Артэм Сініцын, «Салідарнасць»

Апошнія навіны