У МКС падалі яшчэ адну заяву па Беларусі
- 13.03.2026, 11:37
Яно датычыць нямецкага дэпутата.
У Міжнародны крымінальны суд накіраваны зварот у дачыненні да дэпутата парламента федэральнай зямлі Саксонія ад партыі Альтэрнатыва для Германіі Ёрга Дорнава — уладальніка кампаніі «Цыбулька-Бел».
Адвакаты Ян Вінтэрхальтэр і Фердынанд Моорс у сваім звароце ўказалі на магчымыя злачынствы супраць чалавечнасці, здзейсненыя ў Беларусі. Яны просяць суд разгледзець матэрыялы і пачаць расследаванне ў дачыненні да Дорнава, а таксама «неўстаноўленых прадстаўнікоў беларускіх уладаў», паведамляе Deutsche Welle.
Раней Дорнаў ужо выплаціў штраф у памеры 20 тысяч еўра за ўтаенне даходаў ад бізнесу ў Беларусі. Дзякуючы журналісцкім расследаванням стала вядома, што на плантацыях яго кампаніі выкарыстоўвалася прымусовая праца палітвязняў. Аднак нямецкая пракуратура не стала ўзбуджаць крымінальную справу, палічыўшы, што парушэнняў заканадаўства на тэрыторыі Германіі не было.
«Спадар Дорнаў сам не арыштоўвае зняволеных, ён не катуе і не пагражае — гэтым займаюцца беларускія ўлады. Але ён кіруе сваёй кампаніяй, дае ўказанні. Ён нажываецца на пакутах людзей з краіны, што мяжуе з ЕС», — падкрэсліў Вінтэрхальтэр.