Узброеныя Сілы Украіны на поўдні здолелі перэхітрыць расіян і перахапіць ініцыятыву
- 13.03.2026, 14:30
Украінскі афіцэр раскрыў падрабязнасці.
Украінскім абаронцам удалося здзейсніць нечаканыя для расійскіх захопнікаў дзеянні на Аляксандраўскім напрамку – яны перахапілі ініцыятыву і працягваюць ажыццяўляць контрнаступальныя дзеянні. Пра гэта распавёў афіцэр аддзялення камунікацый 148-й асобнай артылерыйскай Жытомірскай брыгады 8-га корпуса Дэсантна-штурмавых войскаў Сяргей Калеснічэнка у эфіры канала Кіеў24.
Вайсковец растлумачыў, што ўкраінскія абаронцы здолелі перахапіць ініцыятыву дзякуючы спалучэнню некалькіх фактараў.
«Перш за ўсё, гэта дбайнае планаванне аперацыі і абраная стратэгія дзеянняў, якая дазволіла навязаць праціўніку нявыгадны для яго тэмп баявых дзеянняў. Важную ролю адыграў эфект нечаканасці, калі нашы падраздзяленні дзейнічалі там і тады, дзе вораг гэтага не чакаў», — падкрэсліў Калеснічэнка.
«Разведка своечасова выяўляе пазіцыі праціўніка, беспілотныя сістэмы ўдакладняюць мэты і карэктуюць агонь, а артылерыя паражае жывую сілу, тэхніку і лагістыку. У выніку праціўнік больш вымушаны рэагаваць на нашы дзеянні, чым рэалізоўваць уласныя планы. Менавіта гэта дазваляе паступова перахопліваць ініцыятыву і ствараць умовы для далейшага прасоўвання нашых падраздзяленняў», — адзначыў афіцэр.
Яго таксама спыталі, ці палепшыць вызваленне Дняпрапятроўскай вобласці сітуацыю на сумежных ўчастках фронту і ці паўплывае гэта на сітуацыю ў Данецкай і Запарожскай абласцях.
«Любыя поспехі Сіл абароны Украіны на асобных ўчастках фронту, безумоўна, уплываюць на агульную аператыўную абстаноўку. У той жа час кожны напрамак мае сваю спецыфіку, сваю інтэнсіўнасць баявых дзеянняў і групоўкі праціўніка. Таму казаць пра прамы ўплыў падзей на адным напрамку на сітуацыю, у прыватнасці ў Данецкай вобласці або паблізу Гуляйполя, было б заўчасна», — сказаў ён.