BE RU EN

Як Украіна знішчыла ў Беларусі расійскія рэтранслятары

  • 13.03.2026, 15:23

Версія экс-супрацоўніка СБУ.

Украінскія ўлады заяўляюць, што разбурылі сістэму сувязі, якая каардынавала расійскія дроны і дапамагала ім залятаць на тэрыторыю Украіны з Беларусі. Пра тое, як гэта магло адбыцца, у эфіры «Студыі «Белсат»» распавёў ваенны эксперт, былы супрацоўнік СБУ Іван Ступак.

Суразмоўца адзначыў, што першай была думка, што ўкраінская дыверсійная група пранікла ў Беларусь і фізічна неяк знішчыла расійскія рэтранслятары. Але адсутнасць якіх-небудзь паведамленняў пра прысутнасць украінскіх дыверсантаў у Беларусі можа азначаць, што для гэтага выкарыстоўваліся іншыя сродкі, напрыклад, сродкі радыёэлектроннай барацьбы або хакерскія атакі.

«Я больш схіляюся да гэтых двух рэчаў. Хакерскімі атакамі вывесці праграмнае забеспячэнне з ладу, а радыёэлектроннай барацьбой таксама вывесці цалкам з нармальнага функцыянавання гэтыя рэтранслятары, каб яны не працавалі. Гэта можа быць апрамяненне спецыяльнымі хвалямі або магутнае мікрахвалевае выпраменьванне, якое проста выводзіла з ладу гэтыя платы, мікрадэталі. І яны цяпер ператварыліся літаральна ў жалеза, у лахманы, якія вісяць на сваіх вежах, але не працуюць», — лічыць Іван Ступак.

Ваенны эксперт таксама пракаментаваў заявы дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Беларусі Аляксандра Вольфовіча пра тое, што ў беларускай арміі на вышыні ад 25 да 100 метраў «узнікаюць пэўныя складанасці» з выяўленнем авіяцыі і беспілотнікаў праціўніка. Паводле яго слоў, для Украіны гэта «наадварот плюс».

«У выпадку, калі, не дай Божа, рэжым Рэспублікі Беларусь паспрабуе зрабіць тое, што было зроблена ў 2022 годзе, то сапраўды тады будзе балюча асабіста Аляксандру Лукашэнку. Бо Украіна навучылася запускаць аб’екты, якія ляцяць на вышыні ніжэй за 100 метраў, і беларускія цяперашнія сістэмы супрацьпаветранай абароны іх або не ўбачаць, або не змогуць збіць у тым аб’ёме, у якім мы навучыліся іх вырабляць», — сказаў ён.

Нагадаем, што ў лютым прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі распавёў, што на тэрыторыі Беларусі размешчана абсталяванне, якое дапамагае расійскім дронам атакаваць Украіну. Ён таксама адзначыў, што «нашы хлопцы займаліся тым, каб тры-чатыры рэтранслятары ўжо не працавалі на тэрыторыі Беларусі».

Затым і міністр абароны Украіны Міхайла Фёдараў заявіў, што «ўдалося ліквідаваць Mesh-сетку, якую выкарыстоўвалі «шахеды» на поўначы, што станоўча паўплывала на абараназдольнасць Кіева і цэнтральнай часткі Украіны». Як растлумачыў журналістам дарадца міністра абароны Сяргей Бескрэстнаў, Mesh-сетка ўладкаваная такім чынам, што ўсе яе ўдзельнікі з’яўляюцца рэтранслятарамі адзін для аднаго. Але міністр не ўдакладніў, якім чынам яе ўдалося знішчыць.

Апошнія навіны