Лукашэнка можа забыць пра Клайпеду
- Віталь Цыганкоў
- 13.03.2026, 16:43
Рашэнне МКС шмат што змяняе.
Навіна пра тое, што Міжнародны крымінальны суд у Гаазе пачаў расследаванне злачынстваў, учыненых рэжымам Лукашэнкі, на мой погляд, засталася некалькі недаацэненай і недастаткова прааналізаванай.
Кажуць: пачалося і ўсё. Але насамрэч гэта стварае зусім іншую палітычную атмасферу — як мінімум. А як максімум — істотна змяняе расклад.
Варта задацца пытаннем, як гэта паўплывае на міжнародны імідж Лукашэнкі і яго здольнасць весці якія-небудзь перамовы з замежнымі палітыкамі.
Напрыклад, для адміністрацыі Трампа гэта, хутчэй за ўсё, не мае істотнага значэння ні ідэалагічна, ні фармальна, ні юрыдычна — бо ЗША не ўдзельнічаюць у працы МКС і не прызнаюць яго юрысдыкцыю.
Аднак для еўрапейскіх краін гэта даволі важны фактар у маральным і палітычным сэнсе. Уявіце, наколькі інакш цяпер выглядаюць перспектывы нейкага «дыялогу», «дамоўленасцяў» з Лукашэнкам для еўрапейскіх палітыкаў. Калі ўявіць, што нехта з іх раптам уступіць у рэальныя перамовы з лідарам Беларусі, як на гэта адрэагуюць прэса і палітычныя колы гэтай краіны і Еўропы ў цэлым? З кім вы будзеце размаўляць? З чалавекам, чые злачынствы разглядаюцца ў Гаазе?
Гэта таксама паўплывае на маршруты замежных паездак Аляксандра Лукашэнкі, у тым ліку на некаторыя міжнародныя форумы. Цяпер ён, верагодна, не будзе рызыкаваць лятаць у тыя краіны, якія прызнаюць юрысдыкцыю МКС, уключаючы неэўрапейскія. Урэшце, нават у Пуціна, кіраўніка ядзернай дзяржавы, часта ўзнікаюць праблемы падчас замежных візітаў з-за ордэра на яго арышт, выдадзенага МКС яшчэ ў 2023 годзе.
І асабліва цікава, што адбудзецца з адносінамі Мінска з Літвой, якая падала пазоў супраць Лукашэнкі ў МКС. Падобна, пра магчымасць транзіту калію праз Клайпеду можна проста забыць.
Віталь Цыганкоў, «Фэйсбук»