Вучоныя распавялі пра карысць двух-трох кубкаў кавы ў дзень
- 13.03.2026, 16:54
Здаецца, аматары кавы ведаюць некаторыя сакрэты гэтага жыцця.
Кітайскія вучоныя з Фуданьскага ўніверсітэта выявілі, што ўмеранае ўжыванне кавы станоўча ўплывае на псіхічнае здароўе людзей, піша «Нож».
Ранейшыя даследаванні пра ўплыў бадзёрага напою на псіхіку давалі супярэчлівыя вынікі. Так, паводле некаторых з іх, кава зніжала верагоднасць развіцця дэпрэсіі. А калі верыць іншым, выразнай сувязі паміж кафеінам і прафілактыкай псіхічных засмучэнняў не існуе.
Спецыялісты з Кітая вывучылі базу даных пра стан здароўя больш як 461 тыс. жыхароў Вялікабрытаніі ва ўзросце ад 40 да 69 гадоў.
На пачатку даследавання ўсе ўдзельнікі запоўнілі апытальнікі пра свае штодзённыя звычкі. Яны распавялі, колькі кубкаў кавы звычайна выпіваюць за дзень, а таксама апісалі асаблівасці ўлюбёнага напою. Напрыклад, хтосьці аддаваў перавагу капучына без кафеіну, іншыя — моцнай каве ў турцы.
Потым вучоныя назіралі за добраахвотнікамі больш за 13 гадоў. Даследчыкі фіксавалі інфармацыю пра ўзнікненне ў часткі людзей афектыўных засмучэнняў, накшталт клінічнай дэпрэсіі або трывожнасці.
Як высветлілася, за ўвесь час назіранняў вышэйзгаданыя праблемы з ментальным здароўем узніклі больш чым у 36 тыс. брытанцаў. Каманда спецыялістаў улічыла даныя аб наяўнасці ў людзей спадарожных захворванняў і аб асаблівасцях іх метабалізму і выявіла прычынна-выніковыя сувязі.
Калі верыць вынікам даследавання, любоў да кавы і рызыка псіхічных захворванняў звязаныя нялінейна. Так, умеранае ўжыванне кафеіну (два-тры кубкі ў дзень) зніжала верагоднасць узнікнення праблем з ментальным здароўем, а празмернае (больш за пяць кубкаў) — павышала.
Вучоныя ўдакладнілі, што растваральная і меленая кава апынуліся прыблізна аднолькава эфектыўнымі сродкамі для прафілактыкі засмучэнняў. Пры гэтым звычка піць каву без кафеіну ніяк не карэлявала са зменамі паказчыкаў псіхічнага здароўя.