BE RU EN

Reuters назвала сапраўднае імя Бэнксі

  • 13.03.2026, 21:37

Асобу мастака ўдалося ўстанавіць яшчэ ў 2008 годзе.

Сапраўднае імя вулічнага мастака, які хавае сваю асобу пад псеўданімам Бэнксі, — Дэвід Джонс, да такой высновы прыйшлі журналісты Reuters па выніках расследавання.

Агенцтва адзначае, што асобу мастака ўдалося ўстанавіць яшчэ ў 2008 годзе. Тады газета Mail on Sunday ідэнтыфікавала яго як Робіна Ганнінгема, ураджэнца Брысталя. Аднак пасля гэтага мастак змяніў дакументы, і цяпер у яго пашпарце пазначана імя Дэвід Джонс — адно з самых папулярных у Вялікабрытаніі.

Падчас падрыхтоўкі расследавання журналісты апыталі больш за дзясятак інсайдараў і экспертаў з асяроддзя Бэнксі, але ніхто з іх не стаў раскрываць яго асобу. Высветліць новае імя, паводле публікацыі Reuters, удалося пасля вывучэння прадстаўленых у адкрытым доступе дакументаў. Яно, у прыватнасці, сустракаецца ў справаздачнасці, якую вёў былы бухгалтар Бэнксі. Саміх дакументаў агенцтва не публікуе, «каб знізіць верагоднасць раскрыцця адрасу і некаторай іншай канфідэнцыйнай інфармацыі».

Журналісты адзначаюць, што ўсведамляюць, якое значэнне для творчасці Бэнксі мае ананімнасць. Аднак, на іх думку, мастак занадта ўплывовы, таму раскрыццё яго асобы мае высокую грамадскую значнасць. «Людзі і арганізацыі, якія хочуць фарміраваць сацыяльны і палітычны дыскурс, падлягаюць праверцы, падсправаздачнасці, а часам і разаблачэнню», — гаворыцца ў матэрыяле.

Апошнія навіны