На аўтарынку змяняецца сітуацыя
- 13.03.2026, 22:16
Гэта можа пайсці на карысць пакупнікам.
У Беларусі за люты павялічылася колькасць новых легкавых аўтамабіляў на складах дылераў і вытворцаў. Пра гэта паведамляе Беларуская аўтамабільная асацыяцыя (БАА).
На 1 сакавіка на складах было 9,5 тысячы новых аўтамабіляў. Гэта на 27,7% больш, чым месяц таму. «Бягучы ўзровень запасаў на ўзроўні 228% ад аб’ёму лютаўскіх продажаў перавышае стандартныя рынкавыя паказчыкі», — удакладняюць у БАА. З гэтага паказчыка асацыяцыя вывела спецыяльны каэфіцыент — стаўленне запасаў да аб’ёму продажаў за папярэдні месяц. Ён склаў 2,28.
«Для аўтамабільнага рынку Беларусі нармальным каэфіцыентам стоку лічыцца 2,0 — гэта значэнне забяспечвае баланс інтарэсаў бізнесу і дастатковы выбар для пакупніка, — адзначылі ў БАА, — Перавышэнне паказчыка каэфіцыента ў 2,5 будзе сігналізаваць пра пераход да „рынку пакупніка“, дзе прапанова дамінуе над попытам. Наадварот, падзенне ніжэй за 1,5 указвае на рызыку ўзнікнення дэфіцыту („рынак прадаўца“)».
Нагадаем, рынак новых легкавых аўтамабіляў у Беларусі ў лютым прадэманстраваў станоўчую дынаміку. Па выніках лютага было прададзена 4,1 тыс. аўтамабіляў. Гэта на 13% перавышае паказчыкі папярэдняга месяца.