Зачыстка, як у Газе: Ізраіль рыхтуе маштабнае наступленне на Ліван
- 14.03.2026, 11:18
ЗША падтрымалі атаку трох ізраільскіх дывізій.
Ізраіль разгортвае тры дывізіі на мяжы з Ліванам і рыхтуецца да найбуйнейшай наземнай аперацыі за 20 гадоў.
Пра гэта паведамляе Axios.
Паводле звестак выдання, пра планы пашыранай аперацыі заявілі ізраільскія і амерыканскія чыноўнікі.
Якая прычына наступлення
11 сакавіка «Хезбала» разам з Іранам нанесла скаардынаваны ўдар — больш за 200 ракет з Лівана і дзясяткі з боку Ірана.
Пасля гэтага Ізраіль змяніў падыход. Да атакі Іерусалім устрымліваўся ад эскалацыі на поўначы, каб засяродзіцца на Іране.
«Да гэтага нападу мы былі гатовыя да спынення агню ў Ліване, але пасля яго няма шляху назад ад маштабнай аперацыі», — заявіў высокапастаўлены ізраільскі чыноўнік.
Што плануе армія
Мэта аперацыі — заняць усю тэрыторыю на поўдзень ад ракі Літані, выцесніць «Хезбалу» на поўнач і знішчыць яе склады зброі.
«Мы збіраемся зрабіць тое, што зрабілі ў Газе», — сказаў чыноўнік, маючы на ўвазе знос аб’ектаў, якія Ізраіль лічыць ваеннай інфраструктурай групоўкі.
У пятніцу, 13 сакавіка, армія Ізраіля абвясціла пра накіраванне падмацаванняў і мабілізацыю рэзерваў.
Пазіцыя ЗША
Адміністрацыя Трампа падтрымлівае аперацыю, але просіць не бамбіць аэрапорт Бейрута і дзяржаўную інфраструктуру. Ізраіль згадзіўся захаваць аэрапорт, аднак наконт астатняга — будзе кансультавацца з Вашынгтонам у кожным канкрэтным выпадку.
Што кажуць у Ліване
З-за баявых дзеянняў ужо больш за 800 000 мірных жыхароў пакінулі дамы. Загінулі прынамсі 773 чалавекі.
Лідар «Хезбалы» Наім Касем адхіліў дыпламатычны шлях і заклікаў да «супраціву». «Калі вораг пагражае наземным уварваннем, мы кажам яму: гэта не пагроза, а адна з пастак, у якія вы трапіце», — заявіў ён.
Ліванскі ўрад, у сваю чаргу, заявіў пра гатоўнасць да прамых перамоваў з Ізраілем без папярэдніх умоў.