У крамах Магілёўскай вобласці знайшлі прадукты, пратэрмінаваныя больш як на 100 дзён
- 14.03.2026, 13:45
Што адбылося з гэтай прадукцыяй?
У Хоцімскім раёне Магілёўскай вобласці праверылі пяць сельскіх крам. Гэтым заняўся Камітэт дзяржаўнага кантролю. У чатырох з іх знайшлі пратэрмінаваныя тавары. У адной з крам адразу было 27 найменняў пратэрмінаванай прадукцыі, піша Onliner.
Пры гэтым тэрміны прыдатнасці асобных тавараў скончыліся больш як 100 сутак таму. Цяпер уся пратэрмінаваная прадукцыя знятая з рэалізацыі.
У трох правераных крамах не было поўнага абавязковага асартыменту тавараў. А ў адной такі пералік увогуле адсутнічаў.
Акрамя таго, не паўсюль выконваліся тэмпературныя рэжымы захоўвання прадукцыі, на асобных таварах адсутнічалі цэннікі і неабходная для пакупнікоў інфармацыя (пра вытворцу, дату вырабу і інш.).
Паводле прадпісання Камітэта дзяржаўнага кантролю парушальнікі адразу прынялі меры па ўстараненні недахопаў.