«Ці заплаціў грамадзянін Лукашэнка штраф?»
- Алеся Матусевіч, «Салідарнасць»
- 15.03.2026, 10:28
Да гаспадара шпіца адразу ўзнікаюць некалькі пытанняў.
Пакуль беларусаў чакае абноўлены падатак на сабак («Салідарнасць» расказала, што людзі думаюць з гэтай нагоды), кіраўнік чарговы раз выгуляў свайго любімага гадаванца ў нечаканым месцы. Умка склаў Лукашэнку кампанію падчас нядаўнага наведвання Mak.by.
На хвіліначку: падпісаны гаспадаром шпіца ў красавіку 2024 года закон «Аб адказным абыходжанні з жывёламі» забараняе наведваць з дамашнімі жывёламі, акрамя сабак-павадыроў, большасць грамадскіх месцаў. У тым ліку крамы, аб'екты грамадскага харчавання, аховы здароўя, установы культуры і адукацыі.
І хоць некаторыя кропкі Mak.by дазваляюць прыводзіць у ўстанову маленькіх, да 35 см у карку, сабак, — але канкрэтна гэты рэстаран у «Першым нацыянальным гандлёвым доме» такой магчымасці не мае. А нават калі б і меў, класці жывёлу на стол — відавочнае парушэнне санітарных нормаў.
Любому іншаму ў лепшым выпадку пагражаў бы скандал і адміністрацыйны штраф, але тут усе навокал зрабілі выгляд, нібы так і трэба.
А да гаспадара шпіца адразу ўзнікае некалькі пытанняў:
Па-першае, ці заплаціў грамадзянін Лукашэнка штраф — ад 1 да 15 базавых велічынь — за знаходжанне сваёй сабакі ў непрызначаным месцы? (А заадно за мінулыя парушэнні — як мінімум згадаем «выбары» ў студзені 2025 года, калі Умку прывялі на выбарчы ўчастак у ўніверсітэце фізічнай культуры, і пёс пазначыў тэрыторыю). А чаму адразу не?
Па-другое, ці аплачваецца за Умку ўжо згаданы падатак на сабак, пачынаючы з вясны 2020 года, калі шпіц упершыню з'явіўся на публіцы, ці ягоны гаспадар карыстаецца пенсійнымі льготамі (хоць сам сцвярджаў, што ў яго «пяць сабак, няма куды дзяваць» — а льгота толькі на адну сабаку)? А квітанцыю можна прад'явіць?
Па-трэцяе — і галоўнае. Судзячы з таго, як бяссорамна гаспадар белага шпіца парушае ўласныя заканадаўчыя і санітарныя нормы, не кажучы ўжо пра банальныя нормы прыстойнасці, і яму ніхто і слова насуперак не скажа — правоў і свабод у Умкі па-ранейшаму больш, чым у людзей.
Ці правільна мы зразумелі: гэта адкрытая дэманстрацыя таго, што былая «сацыяльна арыентаваная дзяржава» сёння канчаткова стала феадальнай вотчынай кіраўніка, а не месцам для нармальнага жыцця — ні для сабак, ні для людзей?
Алеся Матусевіч, «Салідарнасць»