Ракеты ўдарылі па энергетыцы расійскага Белгарада
- 15.03.2026, 10:39
Горад застаўся без святла, цяпла і вады.
У ноч на 15 сакавіка ўдарныя беспілотнікі і ракеты атакавалі энергетычную інфраструктуру расійскага Белгарада, у выніку чаго ў горадзе пачаліся праблемы са святлом, піша «Фокус».
Таксама ў Белгарадзе перабоі з пастаўкамі вады і ацяплення, паведаміў губернатар Белгарадскай вобласці Вячаслаў Гладкоў.
«Белгарад і Белгарадская акруга былі падвергнутыя масіраванаму ракетнаму абстрэлу з боку ЗСУ», — напісаў Гладкоў.
Ён удакладніў, што, паводле папярэдняй інфармацыі, пацярпелых у выніку атакі няма.
«Аб'екты энергетычнай інфраструктуры атрымалі сур'ёзныя пашкоджанні. У выніку зафіксаваныя перабоі з пастаўкамі электраэнергіі, водазабеспячэннем і ацяпленнем», — адзначыў Гладкоў.
Губернатар паабяцаў падаць больш дакладную ацэнку маштабу пашкоджанняў у светлы час сутак.
«У Белгарадзе на тэрыторыі аднаго з аб'ектаў адбылося ўзгаранне — пажарныя разлікі выехалі на месца. Акрамя таго, пашкоджана шкленне шматкватэрнага дома. Усе аварыйныя службы знаходзяцца на месцах», — падкрэсліў Гладкоў.
У той жа час у сеціве з'явіліся відэа, на якіх чутныя выбухі і прыляты ў Белгарадзе.
«Ракетны ўдар прыпаў па аб'ектах энергетычнай інфраструктуры, ЦЭЦ, падстанцыі», — гаворыцца ў подпісе да аднаго з відэа.
На момант публікацыі матэрыялу ўкраінскі бок не каментаваў ракетны абстрэл Белгарада.