BE RU EN

Масква падверглася найбуйнейшай атацы дронаў з пачатку года

  • 15.03.2026, 12:59

Паралізавана праца аэрапортаў Дамадзедава, Внукава, Шарамецьева і Жукоўскага.

Узброеныя сілы Украіны ў выхадныя 14–15 сакавіка масіравана атакавалі Маскву, паведамляе The Moscow Times.

Прыблізна з 12:30 суботы да 11:30 нядзелі на падлёце да расійскай сталіцы было збіта 95 беспілотнікаў, выплывае з паведамленняў мэра Сяргея Сабяніна. 30 дронаў сілы СПА перахапілі пасля паўночы. Расавіяцыя ўводзіла абмежаванні на прыём і адпраўку рэйсаў у аэрапортах Дамадзедава, Внукава, Шарамецьева і Жукоўскага. Яны аднавілі працу ў штатным рэжыме пасля 11:30. На той момант было затрымана 37 рэйсаў: 17 — у Внукаве, 13 — у Дамадзедаве і сем — у Шарамецьеве.

Атака дронаў на Маскву стала самай маштабнай з пачатку года. Падобная адбылася год таму — у ноч на 11 сакавіка: тады на падлёце да сталіцы збілі 91 дрон, у Падмаскоўі загінулі трае чалавек. Пра наступствы апошняй атакі ні Сабянін, ні Мінабароны не паведамілі. Паводле даных Mash і Shot, дроны былі заўважаныя ў Троіцкай акрузе Масквы, каля Цэнтральнай кальцавой аўтамабільнай дарогі, у падмаскоўных Істры, Каралёве, Дубне, Раменскім і Валакаламску. Да гэтага расійская сталіца падвяргалася атацы 8 сакавіка. Тады Сабянін паведаміў пра шэсць збітых беспілотнікаў.

Апошнія навіны