Да Ла-Манша ўсяго-нічога
- Аляксей Копыцько
- 15.03.2026, 17:06
Але ёсць нюанс.
Што ж мы ўсё пра праблемы Расіі ды пра праблемы? Давайце пра дасягненні.
На фота — найзаходнейшы з сучасных расійскіх танкаў на тэрыторыі краіны НАТА, які прабраўся ў Нідэрланды і замацаваўся ў 150 км ад узбярэжжа.
Да Ла-Манша ўсяго-нічога. Адзін рывочак, каб закрыць гештальт! Але ёсць нюанс.
Сёння ў невялікім нідэрландскім горадзе Грунло (амаль на мяжы з Германіяй) у Нацыянальным музеі Васьмідзесяцігадовай вайны (1566 – 1648 гг., па сутнасці — гэта вайна Нідэрландаў за незалежнасць, больш вядомая ў нас як Нідэрландская буржуазная рэвалюцыя) адкрылася выстава «Блізка да вайны».
Прысвечана, відавочна, чаму — украінскай бітве супраць расійскай агрэсіі.
Найбольш яскравы экспанат (нароўні з іншымі) прадстаўлены Нацыянальным ваенна-гістарычным музеем Украіны (Мінабароны).
Гэта той самы падбіты расійскі танк з Бучы, які ў лютым 2023 года ўварваўся ў Берлін і (намаганнямі калег з Berlin Story Bunker) замацаваўся проста насупраць пасольства Расіі ў ФРГ.
Паколькі НВІМУ ўпарты і непаседлівы, як і яго еўрапейскія сябры (напрыклад, Enno Lenze), гэты танк перыядычна манеўруе па ўскрайку нямецка-нідэрландскай мяжы.
Асноўная думка выставы ў Грунло (з яе куратарам Герардам Боінкам НВІМУ даўно і шчыльна супрацоўнічае) — паказаць жыхарам пернікавага гарадка, што вайна насамрэч не дзесьці далёка. Яна ўжо ўварвалася і паламала лёсы людзям, якія ходзяць побач з вамі па вуліцах.
Яна ўжо змяніла сусветны парадак, само ўяўленне пра баявыя дзеянні і многае з таго, што лічылася непахісным. І вам цяпер з гэтым жыць.
Вядома, у экспазіцыі розныя дроны. Можна далучыцца да сучасных тэндэнцый.
Жалезная грамадзіна перад супергістарычнай царквой (якая памятае 6 аблог горада і ў якой год таму адкрылі сучасны музей) у павуцінні акуратненькіх вузенькіх вулічак стварае правільны кантраст, які мы адзначылі яшчэ летам 2022 г. у Варшаве і Празе: людзі міжволі пачынаюць прыкідваць, а што будзе, калі ў іх горад па-сапраўднаму ўрвуцца расійскія оркі на грымячым жалезе.
Яны пачынаюць лепш уяўляць, якую арду стрымала Украіна…
У 2023 г. удалося запусціць у Еўропу 4 расійскія танкі на доўгатэрміновай аснове. На жаль, нарошчыць гэтую працу, як планавалася, не атрымалася.
У пэўнай ступені яшчэ не позна і цяпер, але з крыху іншым напаўненнем.
Аляксей Копыцько, «Фэйсбук»