Беларусаў папярэдзілі пра «зваротны званок»
- 15.03.2026, 21:48
Пасля іх можна застацца без грошай.
У УУС Брэсцкага аблвыканкама папярэдзілі пра новую схему махлярства пад назвай «зваротны званок», пасля якой з банкаўскай карткі могуць знікнуць усе грошы. Махляры выкарыстоўваюць падставу нібыта ўзламанага ўліковага запісу, каб прымусіць ахвяру ператэлефанаваць — і пачынаецца сапраўдная афёра.
Як паведамілі ў ведамстве, схема працуе так: спачатку чалавеку прыходзіць SMS або паведамленне ў мэсэнджары з тэкстам кшталту «Ваш уліковы запіс узламаны. Каб спыніць злоўмыснікаў, тэрмінова патэлефануйце па нумары…».
На лініі нібыта адказвае «служба падтрымкі». Голас гучыць упэўнена, а на фоне чуваць шумы, што імітуюць сапраўдны кол-цэнтр. Махляры пачынаюць «ратаваць» ахвяру ад узлому, якога насамрэч не было.
Падчас размовы махляры просяць:
назваць даныя банкаўскай карткі;
прадыктаваць код з SMS;
падцвердзіць «аперацыю па абароне сродкаў».
У выніку чалавек добраахвотна перадае ўсе неабходныя даныя, пасля чаго грошы крадуць.
У УУС нагадалі: калі прыходзіць трывожнае паведамленне, уваходзіць у сэрвіс варта толькі праз афіцыйны сайт або дадатак — званкі на староннія нумары недапушчальныя.