Названы ўсе пераможцы «Оскара»-2026
- 16.03.2026, 8:13
Сярод намінантаў — «Бітва за бітвай» і «Спадар Ніхто супраць Пуціна».
Стужка Пола Томаса Андэрсана «Бітва за бітвай» перамагла ў шасці намінацыях, у тым ліку ў катэгорыі «Найлепшы фільм». Прэмію за найлепшую мужчынскую ролю атрымаў Майкл Б. Джордан («Грэшнікі»), за найлепшую жаночую ролю — Джэсі Баклі («Гамнет»). Найлепшым дакументальным фільмам прызнана стужка «Спадар Ніхто супраць Пуціна» пра ваенную прапаганду ў расійскай школе, паведамляе BBC.
Яшчэ ў канцы студзеня, калі былі абвешчаныя спісы намінантаў, стала зразумела, што асноўная бітва разгорнецца паміж фільмамі «Грэшнікі» (16 намінацый) і «Бітва за бітвай» (13 намінацый).
У выніку «Бітва за бітвай» атрымала 6 «Оскараў», у тым ліку за найлепшы фільм і рэжысуру, а «Грэшнікі» — чатыры, сярод якіх статуэтка за найлепшую мужчынскую ролю.
Даўгачаканы «Оскар» Пола Томаса Андэрсана
Пол Томас Андэрсан, рэжысёр «Бітвы за бітвай», да гэтага года 14 разоў намінаваўся на галоўную кінапрэмію, але ні разу не перамагаў. Андэрсан зняў такія фільмы, як «Ноч у стылі бугі», «Магнолія» і «Нафта», якія атрымалі найвышэйшыя пахвалы ад кінакрытыкаў і мноства міжнародных узнагарод.
На гэты раз ён атрымаў адразу дзве статуэткі — як найлепшы рэжысёр («Бітва за бітвай») і як аўтар адаптаванага сцэнарыя.
Яго фільм — пра крызіс ідэй, які выявіўся ў супрацьстаянні леварадыкальнага актывіста-бомбіста (Леанарда Ды Капрыа) і палкоўніка-расіста (Шон Пен). Крытыкі параўноўваюць гэтую стужку з іншым вядомым фільмам Андэрсана — «Нафтай», за які ён у свой час не здолеў атрымаць «Оскар», хоць быў у ліку намінантаў.
«Бітва за бітвай», акрамя двух галоўных рэжысёрскіх узнагарод, атрымала статуэткі за найлепшы адаптаваны сцэнарый, найлепшы кастынг і найлепшы мантаж.
Акрамя таго, Шон Пен удастоіўся прэміі ў катэгорыі «Найлепшая мужчынская роля другога плана». Для яго гэта ўжо трэцяя статуэтка — пасля фільмаў «Таемнічая рака» (2003) і «Харві Мілк» (2013).
«Грэшнікі» і «Гамнет»
«Оскар» за найлепшую мужчынскую ролю сёлета не атрымалі ні Леанарда Ды Капрыа («Бітва за бітвай»), ні Ціматэ Шаламэ («Марці Вялікалепны»).
Залатую статуэтку ў гэтай намінацыі атрымаў Майкл Б. Джордан, які ў фільме «Грэшнікі» сыграў братоў-блізнюкоў, што вярнуліся ў Місісіпі 1930-х гадоў, каб адкрыць бар, на які пасля напалі крыважадныя вампіры.
«Грэшнікі» атрымалі яшчэ тры «Оскара» — за арыгінальны сцэнарый, арыгінальную музыку і аператарскую працу.
За найлепшую жаночую ролю ў фільме «Гамнет» прэмію атрымала Джэсі Баклі, ірландская актрыса і спявачка, вядомая сваімі ролямі ў серыялах «Вайна і мір», «Табу» і «Чарнобыль».
Баклі ўжо атрымала ўзнагароды за гэтую ролю на Critics Choice, «Залатым глобусе», BAFTA і Actor Awards. Цяпер яна стала першай актрысай з часоў Рэнэ Зелвегер, якой удалося сабраць поўны камплект з пяці галоўных узнагарод сезона. У 2020 годзе Зелвегер атрымала ўсе пяць прэмій як «Найлепшая актрыса» за галоўную ролю ў фільме «Джудзі».
У катэгорыі «Найлепшая актрыса другога плана» перамагла Эмі Мэдыган («Зброя»). Гэта яе другая намінацыя на «Оскар» — мінулы раз гэта было 40 гадоў таму за фільм «Двойчы ў жыцці».
Па агульнай колькасці атрымленых «Оскараў» ненашмат саступіў двум галоўным фаварытам фільм «Франкенштэйн». Ён быў удастоены трох прэмій: за найлепшы грым, касцюмы і мастацкае афармленне.
«Аватар: полымя і попел» атрымаў прэмію за візуальныя эфекты, апярэдзіўшы «F-1», «Грэшнікаў» і «Свет Юрскага перыяду: адраджэнне».
«F-1» стала пераможцай у катэгорыі «Найлепшы гук».
Найлепшым замежным фільмам стала нарвежская стужка «Сентыментальная каштоўнасць».
«Спадар Ніхто супраць Пуціна»
У катэгорыі «Найлепшы дакументальны фільм» перамагла стужка пра Расію — «Спадар Ніхто супраць Пуціна».
Фільм знялі рэжысёры Дэвід Борэнстайн і Павел Таланкін. У аснову стужкі лёглі схаваныя здымкі, якія Таланкін у якасці школьнага відэааператара вёў у горадзе Карабаш. У прыватнасці, ён фіксаваў на відэа ўрокі «патрыятычнага выхавання».
Стужка ўжо атрымала сёлета прэмію BAFTA як найлепшы дакументальны фільм.
На сцэне Павел Таланкін гаварыў па-руску. «Чатыры гады мы глядзім на зорнае неба і загадваем самае важнае жаданне. Вельмі важнае жаданне.
Але ёсць краіны, дзе замест зорак, якія падаюць, з неба падаюць бомбы і ляцяць дроны. У імя нашай будучыні, у імя ўсіх нашых дзяцей, давайце спынім усе войны. Цяпер», — сказаў ён.
Рэжысёр фільма Дэвід Борэнстайн гаварыў пра Расію і наагул пра саўдзел у злачынствах і прапагандзе. «„Спадар Ніхто супраць Пуціна“ — гэта фільм пра тое, як можна страціць краіну. Калі мы працавалі над гэтымі кадрамі, мы ўбачылі, што яе можна страціць шляхам бясконцых маленькіх актаў саўдзелу», — сказаў ён.
Два «Оскары» «Кей-поп-паляўнічых на дэманаў»
У намінацыі «Найлепшы анімацыйны фільм» перамаглі «Кей-поп-паляўнічыя на дэманаў», апярэдзіўшы «Звераполіс 2». Гэты анімацыйны фільм стаў самым прагляданым фільмам Netflix за ўсю гісторыю струменевай платформы. На мінулым тыдні кампанія анансавала працяг фільма, дата меркаванага выхаду пакуль не абвяшчалася.
Яшчэ адну статуэтку стваральнікі фільма атрымалі за найлепшую песню — Golden.
У намінацыі «Найлепшы кароткаметражны ігравы фільм» перамаглі адразу дзве стужкі — «Спевакі» і «Двое людзей абменьваюцца слінай». Такое здараецца, але надзвычай рэдка. Апошні раз нічыя была зафіксавана ў 2012 годзе пры прысуджэнні прэміі за гукавое афармленне.
Перамога ў катэгорыі «Найлепшы анімацыйны кароткаметражны фільм» прысуджана стужцы «Дзяўчына, якая плакала жамчугам».
У гэтай катэгорыі быў намінаваны анімацыйны фільм «Тры сёстры» расійскага аніматара Канстанціна Бронзіта — гісторыя пажылых сясцёр, што жывуць на аддаленай выспе.