На беларускім тытунёвым рынку можа з’явіцца новы гулец
- 16.03.2026, 8:52
За J.S.S Tobacco стаіць сірыйскі бізнесмен.
Згодна з данымі Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці, у студзені гэтага года брытанская тытунёвая кампанія J.S.S Tobacco прадаставіла беларускай фірме «Тэхнаальфагруп» ліцэнзійныя правы на тры свае брэнды, звярнуў увагу сайт «Белорусы и рынок».
Ідзе гаворка пра маркі цыгарэт Manchester, Manchester Nano і Manchester Nano Uno, што выпускаюцца J.S.S Tobacco на фабрыцы ў свабоднай эканамічнай зоне Джэбель-Алі ў Дубаі. Тэрмін дзеяння ліцэнзійнай дамовы з «Тэхнаальфагруп» сканчаецца ў 2029 годзе.
Уладальнікам J.S.S Tobacco лічыцца сірыйскі бізнесмен Халед аль-Махамід.
Што да яго партнёра ў Беларусі, то «Тэхнаальфагруп», створаная ў 2021 годзе, вядомая як гуртовы пастаўшчык італьянскай fashion-прадукцыі на рынкі Беларусі і Расіі.