Навукоўцы назвалі прадукт, які першым пачнуць вырошчваць на Месяцы
- 16.03.2026, 9:41
Ці першай установай на спадарожніку Зямлі стане фалафельная?
На думку навукоўцаў з Тэхаскага ўніверсітэта ў Остыне (ЗША), нут можа стаць першай сельскагаспадарчай культурай, якую людзі пачнуць вырошчваць на спадарожніку Зямлі, піша «Нож».
Уся паверхня Месяца пакрытая рэгалітам — асаблівым пылавым матэрыялам. У яго складзе адсутнічаюць мікраарганізмы і арганічныя рэчывы, якія надзвычай патрэбныя для росту раслін. Пры гэтым у рэгаліце прысутнічаюць мінералы, патэнцыйна карысныя для раслін, але, на жаль, ён таксама змяшчае цяжкія металы, што перашкаджаюць іх развіццю.
Амерыканскія навукоўцы вырашылі праверыць, ці змогуць сельскагаспадарчыя культуры расці ў такіх суровых умовах. Для гэтага даследчыкі выкарысталі імітацыю месяцовага грунту. Ідзе гаворка пра сумесь, якая па складзе максімальна набліжаная да ўзораў месяцовага грунту, дастаўленых на Зямлю падчас місіі «Апалон».
Каманда змяшала імітацыю месяцовага грунту з біягумусам — матэрыялам, узбагачаным пажыўнымі рэчывамі, якія ўтвараюцца ў выніку перапрацоўкі арганічных адходаў чырвонымі каліфарнійскімі чарвякамі. Потым спецыялісты апрацавалі насенне нуту мікарызнымі грыбамі і пасадзілі яго ў незвычайную глебу.
Вынікі паказалі, што нут паспяхова расце ў сумесях, якія ўтрымліваюць да 75% імітацыі месяцовага грунту. Далей, па меры павелічэння долі «пазазямнога» складу, расліны пачыналі адчуваць стрэс і паступова гінулі.
Цяпер навукоўцам належыць высветліць, ці паглынаюць расліны шкодныя металы з глебы і ці змяшчае месяцовы нут карысныя пажыўныя рэчывы.